Беларусь наведае вярхоўны камісар ААН у справах уцекачоў

27.07.2010 / 13:04

28 ліпеня з двухдзённым візітам у Мінск прыбудзе Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Антоніа Гут'ерэс.

Як паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі і грамадскіх сувязяў МУС, асноўная мэта візіту — падпісанне пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Упраўленнем вярхоўнага камісара ААН аб супрацоўніцтве і прававым статусе прадстаўніцтва гэтай структуры і яго персаналу ў краіне. З беларускага боку Пагадненне падпіша кіраўнік міліцэйскага ведамства Анатоль Куляшоў.

Праграмай візіту Антоніа Гут'ерэса ў Мінск прадугледжаны сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам, міністрам замежных спраў Сяргеем Мартынавым, кіраўніцтвам Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, прадстаўнікамі шэрагу міжнародных і няўрадавых арганізацый, дыпламатычных місій. У цэнтры ўвагі будуць пытанні партнёрства ў інтарэсах абароны і аказання дапамогі асобам, якія шукаюць прыстанішча, і бежанцам.

На сённяшні дзень у Беларусі статус бежанца прадстаўлены 819 замежным грамадзянам.