Леанід Галубовіч. Паэзія

Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўды непрыступнай вежа.
Я — праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..

12.08.2010 / 11:08

Ты — боль, паэзія. Ты — быль.
Твае суровыя законы
He для забаў, не для гульбы —
А пошук ісціны да скону.
Ты — рай, паэзія. Ты — рой
Адвечных дум, дзе мы згараем.
I толькі геніі парой
Жылі часова гэтым раем.
Ты — жаль, паэзія. Ты — жар.
Я па тваім хаджу вуголлі.
Чыя не прагнула душа
Твайго зняволення і волі?
Ты — сум, паэзія. Ты — суд
I мрояў нашых, і здзяйсненняў.
Хай душы шчырыя нясуць
Высокі лад тваіх памкненняў!
Ты — яд, паэзія. Ты — сад
З адзіным яблыкам спакусным.
Над ім — каторы год падрад! —
Мае збалела смягнуць вусны...
Ты — боль, паэзія. Ты — бой.
Ты — праўды непрыступнай вежа.
Я — праведнік і грэшнік твой,
Пусці мяне ў сваё бязмежжа!..