Сёння ў мінскай катэдры будуць добраслаўляць студэнтаў

16.09.2010 / 10:28

Сёння ў мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца імша і добраславенне студэнтаў на новы навучальны год.

Як паведаміў адказны за СМІ пры сакратарыяце Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі айцец Аляксандр Улас,

мерапрыемствы пачнуцца ў 18.30. Літургію ўзначаліць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

На набажэнства запрашаюцца студэнты і выкладчыкі ВНУ, каб супольнай малітвай распачаць новы навучальны год і чарговы этап навучання, а таксама прасіць Бога аб тым, каб новыя веды і навуковыя дасягненні былі на агульную карысць.

Добраславенне студэнтаў мінскіх ВНУ праводзіцца ў архікатэдральным касцёле трэці год запар. Гэтую традыцыю ўвёў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасля таго, як быў прызначаны мітрапалітам Мінска-Магілёўскім, адзначыў айцец Аляксандр.

На яго думку, добраславенне студэнтаў мае вялікае значэнне для будучыні айчыннай інтэлігенцыі і беларускай дзяржавы. «Мы жадаем, каб у сваіх паводзінах, адносінах да навукі і людзей сённяшнія студэнты кіраваліся маральнымі каштоўнасцямі хрысціянскай веры. Бо калі яны стануць на гэтыя прынцыпы сёння, то будуць узрастаць у сваёй маральнасці і распаўсюджваць яе сярод іншых», — падкрэсліў айцец Аляксандр.