Rockerjoker: Саня останется с нами

Песню пра «самае чыстае месца на глобусе» можа смела выкарыстоўваць ініцыятыўная група Лукашэнкі падчас пікетаў.

22.10.2010 / 14:01

Гурт Rockerjoker запісаў песню, у якой заклікаюць Саню застацца. Каго яны мелі на ўвазе, музыкі казаць не хочуць. Аднак песню можа смела выкарыстоўваць ініцыятыўная група Лукашэнкі пад час пікетаў.

Гурт Rockerjoker гучна заявіў пра сябе з дапамогай свайго брутальнага кліпа «Амерыка», які ўвайшоў у лік самых скандальных ролікаў у музычнай гісторыі Беларусі.

У час выбарчай кампаніі-2010 музыкі вылучыліся, запісаўшы песню з прыпевам «Саня останется с нами», якую смела могуць браць сабе за гімн прыхільнікі Аляксандра Лукашэнкі. Але самі спевакі сцвярджаюць, што яны далёкія ад палітыкі.

«Я не падпісваўся за кандыдатаў і наогул не вырашыў, ці пайду на выбары. Да палітыкі нам няма ніякай справы. Мы пяем пра тое, што бачым у вакне. Няхай нехта напружваецца, а мы будзем радавацца», — кажа адзін з удзельнікаў дуэта Міхей Насарогаў. «Гэта песня-жарт, хоць можаце лічыць яе правакацыяй, калі так заўгодна», — дадае другі музыка Макс Сіры.

Музыкі мяркуюць, што іх твор зразумеюць толькі людзі з добрым пачуццем гумару.