Затрыманы кіроўца, які збіў дзіця і ўцёк з месца ДТЗ

З машыны выйшлі жанчына з мужчынам, сабралі асколкі і з'ехалі, пакінуўшы дзіця ў стане непрытомнасці на праезнай частцы.

16.12.2010 / 12:20

Міліцыі ўдалося ўстанавіць і затрымаць вадзіцеля, які збіў 14 снежня ў Мінску дзіця і ўцёк з месца ДТЗ.

Як паведаміла БелаПАН старшы інспектар па асаблівых даручэннях упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі МУС Беларусі Ганна Банадык, ім аказаўся 60-гадовы мінчанін. У момант учынення ДТЗ ён быў за рулём «Опель Астра».

Нагадаем, ДТЗ адбылося на вуліцы Карбышава. Кіроўца збіў 11-гадовага хлопчыка, які пераходзіў праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. У выніку ДТЗ хлопчык атрымаў чэрапна-мазгавую траўму цяжкай ступені і ў коме быў дастаўлены ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі.

Адзін з відавочцаў сказаў, што

з машыны, якая збіла пацярпелага, выйшлі жанчына з мужчынам, сабралі асколкі і з’ехалі, пакінуўшы дзіця ў стане непрытомнасці на праезнай частцы.