У ліку затрыманых  — 12-разовая чэмпіёнка Еўропы па каратэ, яе муж і сын

20.12.2010 / 19:51

Падчас акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці, якая прайшла ўвечары 19 снежня ў Мінску, былі затрыманыя 12-разовая чэмпіёнка Еўропы па каратэ Святлана Вількіна, яе муж Андрэй, заслужаны трэнер Беларусі, і іх 25-гадовы сын.

Пра гэта БелаПАН паведаміла сяброўка Вількінай.

«Яна свядома пайшла на гэтую акцыю.

Святлана выкладчык ВНУ, і яна была не задаволеная, як праходзіла датэрміновае галасаванне, што студэнтаў і выкладчыкаў змушалі галасаваць. Так як юрыдычна нічога даказаць немагчыма, яна вырашыла так выказаць свой пратэст», — паведаміла сяброўка Вількінай.

Паводле яе слоў, Вількіна патэлефанавала ёй 19 снежня ў 23.30 і паведаміла, што яны затрыманыя супрацоўнікамі сілавых структур і знаходзяцца ў аўтазаку. «Яна сказала, што ў машыне вельмі шмат людзей і іх некуды вязуць. Затым, у 23.50 яна патэлефанавала зноў і паведаміла, што машына спынілася. Відаць, іх прывезлі на Акрэсціна. Пасля гэтага Святлана на сувязь больш не выходзіла, іх мабільныя адключаныя, дома ніхто не адказвае», — сказала сяброўка чэмпіёнкі.