Лінднэр: Прэзідэнт, які атрымаў 80% галасоў, не павінен баяцца дэманстрацый

25.12.2010 / 00:51

Нямецка-беларускае таварыства, галоўны арганізатар традыцыйных штогадовых “Мінскіх форумаў”, абнародавала сваю пазіцыю ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 19 снежня і падзеямі гэтага і наступных дзён.

Старшыня таварыства прафесар Райнэр Лінднэр, у прыватнасці, адзначыў: “Арыштаваным мусіць быць неадкладна дадзеная магчымасць атрымання поўнай юрыдычнай дапамогі, а параненым – аказаная неабходная медыцынская дапамога на самым высокім магчымым узроўні... Прэзідэнт, які, калі верыць афіцыйным звесткам, атрымаў 80% галасоў, не павінен баяцца дэманстрацый”.

Старшыня Нямецка-беларускага таварыства падкрэсліў, што адсутнасць празрыстага падліку галасоў, забарона мірных дэманстрацый, перакрыццё інтэрнэт-сайтаў у дзень выбараў і наступны дзень, на яго думку, несумяшчальныя з каштоўнасцямі Еўрапейскага саюза.

Прафесар Лінднэр таксама заклікаў кіраўнікоў краін Еўрасаюза “не адварочвацца ад Беларусі” і шчыльна заняцца, напрыклад, пытаннем зніжэння коштаў уязных віз у краіны ЕС для звычайных грамадзян Беларусі.
“Гэта павінна быць зроблена незалежна ад вынікаў дня выбараў”.

ЛБ