Польшча адмяняе аплату за візы для беларусаў

Разам з тым забараняе уезд у краіну ўсім, хто удзельнічаў у рэпрэсіях супраць апазіцыі.

29.12.2010 / 18:24

МЗС Польшчы сёння распаўсюдзіў інфармацыю, што пачынаючы з 1 студзеня 2011 году нацыянальныя візы для беларусаў будуць выдавацца бясплатна.

«Гэта праява салідарнасці з беларускай нацыяй, я кая падчас выбараў 19 снежня даслала моцны сігнал падтрымкі ўсіх дэмакратычных рухаў. Хочам дапамагчы нашым суседзям умацаваць еўрапейскую самасвядомасць шляхам больш частых кантактаў з палякамі і іншымі грамадзянамі Еўрапейскага Саюза», —
гаворыцца ў заяве польскага Міністэрства замежных спраў.

Разам з тым, уезд у Польшчу будзе забаронены ўсім асобам, якія ўдзельнічалі ў рэпрэсіях супраць беларускага дэмакратычнага руху. МЗС нашай заходняй суседкі пакуль не ўдакладняе, паводле якіх крытэраў будзе складацца такі спіс.

Варта заўважыць, што ў такім выпадку, згодна з заканадаўствам Еўрапейскага Саюза, асобам з "чорнага спісу" будзе забаронены ўезд і ў іншыя краіны ЕС.

АП