Прайшоў ператрус у Вольгі Някляевай

абноўлена

Жонцы экс-кандыдата сарвалі сустрэчу з амерыканскім сенатарам.

14.01.2011 / 11:51

А палове на адзінаццатую 14 студзеня пачаўся ператрус на кватэры, дзе пражывае экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў разам са сваёй жонкай.

«Ператрус, які доўжыўся каля паўгадзіны, праводзілі тры чалавекі. Адзін з іх назваўся оперупаўнаважаным КДБ старшым лейтэнантам Міхайлавым», — паведаміла Вольга Някляева.

Паводле яе слоў, супрацоўнікі КДБ паводзілі сябе культурна. Падчас ператрусу нічога канфіскавана не было.

Лідар кампаніі «Гавары праўду!» Уладзімір Някляеў поруч з іншымі чатырма экс-кандыдатамі ў прэзідэнты абвінавачваецца ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 293 Крымінальнага кодэкса). Ён, а таксама Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

Вольга Някляева лічыць, што КДБ хацела сарваць яе сустрэчу з амэрыканскім сэнатарам Рычардам Дурбанам, які знаходзіцца ў Менску. Супрацоўнікі КДБ спынілі яе акурат тады, калі яна выходзіла з дому.