«Мінскага форуму» не будзе, пакуль палітвязні за кратамі

Жэст з нямецкага боку.

22.09.2011 / 17:11

Штогадовага «Мінскага форуму» сёлета не будзе, такое рашэнне прынялі арганізатары мерапрыемства. Форум праходзіў штогод у лістападзе, ён пляцоўкай для дыскусій і дыялогу паміж Германіяй, Еўрасаюзам і Беларуссю. Прычынай сталі «ўнутрыпалітычныя працэсы пасля прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010».

«Правядзеннем арыштаў кандыдатаў ў прэзідэнты, а таксама іншых палітычна актыўных грамадзян краіны беларускі ўрад адрокся паляпшэння адносінаў з Еўрапейскім Саюзам і краінамі, якія ўваходзяць у склад ЕС, і сышоў з агульнай пляцоўкі для дыялогу», — адзначыў старшыня нямецка-беларускага таварыства і «Мінскага форуму» Райнэр Лінднэр.

Нямецка-беларускае таварыства і арганізацыі-партнёры «Мінскага форуму» патрабуюць, каб вызваленне палітычных вязняў, якое пачалося ў апошнія дні, было завершана неадкладным вызваленнем і поўнай рэабілітацыяй ўсіх арыштаваных.
Толькі пасля гэтага ўзнаўленне былых формаў дыялогу стане магчымым.

«Мінскі форум» праходзіў штогод ад 1997. Адмена мерапрыемства — важны жэст з нямецкага боку.

Зміцер Панкавец