Ураджай грэчкі больш чым удвая перавысіў леташні

18.10.2011 / 10:37

У сельскагаспадарчых арганізацыях і фермерскіх гаспадарках Беларусі завершана ўборка грэчкі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.

Сёлета плошча, што падлягае ўборцы, ва ўсіх катэгорыях гаспадарак складала 39,9 тыс. га, або на 16,3 тыс. га больш за ўзровень 2010 года. «Прынятыя меры па выкананні ўсяго комплексу тэхналагічных мерапрыемстваў у перыяд вырошчвання грэчкі дазволілі атрымаць высокі намалот зерня гэтай культуры», — зазначылі ў прэс-службе.

Паводле аператыўных звестак, валавы збор зерня грэчкі склаў 60 тыс. тон супраць 25,2 тыс. тон у 2010 годзе. Ураджайнасць грэчкі сёлета склала ў сярэднім 15,1 ц/га супраць 10,3 ц/га летась.

Найбольшы валавы збор грэчкі (у перашапачаткова апрыходаванай вазе) атрыманы ў гаспадарках Мінскай і Гродзенскай абласцей і складае адпаведна 14,7 і 13,7 тыс. тон. Найбольшая ўраджайнасць грэчкі атрымана ў сельскагаспадарчых арганізацыях Магілёўскай, Гродзенскай і Мінскай абласцей, або 16,9, 16,5, 14,7 ц/га адпаведна.

Сельгасарганізацыямі рэспублікі вядзецца дапрацоўка зерня грэчкі для пастаўкі перапрацоўчым прадпрыемствам хлебапрадуктаў і засыпкі на насенне. Па стане на 17 кастрычніка перапрацоўчым арганізацыям хлебапрадутаў пастаўлена 22,2 тыс. тон зерня грэчкі, або 58% да плана пастаўкі. У тэрмін да 1 снежня пастаўка зерня грэчкі камбінатам хлебапрадуктаў павінна быць поўнасцю завершана.