Палітвязня Каваленку пачалі прымусова карміць

Пра гэта паведаміў прадстаўнік медсанчасткі.

18.01.2012 / 15:53

Пра гэта жонцы актывіста паведамілі ў віцебскім СІЗА.

Алена Каваленка хацела перадаць мужу сок — на той выпадак, калі ён усё ж вырашыць выходзіць з галадоўкі, якая працягваецца ўжо 30-ты дзень. Але сок у яе не прынялі. Прадстаўнік медчасткі, з якім пагаварыла жонка актывіста, сказаў, што яго пачалі карміць прымусова.

«Я запыталася, чым яго кормяць і як гэта адбываецца. Мне патлумачылі, што кормяць мясным булёнам праз зонд. Я запярэчыла: маўляў, чытала ў інтэрнэце, што пасля працяглай галадоўкі трэба ўжываць толькі лёгкую ежу — нават калі сокі, то спачатку толькі разбаўленыя. Але супрацоўнік медчасткі заўважыў, што Сяргея кормяць так, „як напісана ў падручніку па хірургіі“. І параіў мне пачытаць такі падручнік», — апавяла Алена Каваленка.

Яна запыталася, як праходзіць гэтая працэдура: ці не гвалтам кормяць Сяргея, прыкутага кайданкамі да ложка. Але падрабязнасцяў ёй не паведамілі.

Таксама Алена Каваленка сёння атрымала ўжо трэцюю адмову на спатканне з мужам. Адмову даслалі і маці актывіста, Лідзіі Каваленка. У адказе следчага Сяргея Волкава напісана, што спатканне зняволенага актывіста з роднымі ён лічыць немэтазгодным.

* * *

Сяргей Каваленка змешчаны ў віцебскі СІЗА 22 снежня 2011 года. Супраць яго распачалі крымінальную справу за парушэнне рэжыму адбыцця ўмоўнага пакарання — «хатняй хіміі», прысуджанай сябру КХП БНФ за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на навагодняй ёлцы ў Віцебску 7 студзеня 2010 года.