Увоз легкавых аўтамабіляў фізасобамі ў ІІ паўгоддзі 2011 г. знізіўся ў 60 разоў

26.01.2012 / 12:07

Увоз легкавых аўтамабіляў у Беларусь фізічнымі асобамі ў другім паўгоддзі 2011 года ўпаў больш як у 60 разоў, паведаміў сёння журналістам намеснік старшыні Дзяржаўнага мытнага камітэта Беларусі Сяргей Барысюк.

«Калі ў першым паўгоддзі 2011 года фізічнымі асобамі было ўвезена прыкладна 250 тыс. легкавых аўтамабіляў, то ў другім паўгоддзі гэта лічба склала амаль 4 тыс.
Што датычыцца ўвозу легкавых аўтамабіляў юрыдычнымі асобамі, то за ўвесь 2011 год імі было ўвезена 29 тыс. легкавых транспартных сродкаў», — сказаў Сяргей Барысюк.

Ён таксама адзначыў, што з пачаткам функцыянавання Адзінай эканамічнай прасторы змянілася нагрузка на мытныя органы Беларусі. «Калі параўноўваць пачатак 2012 года з пачаткам 2011 года, то колькасць грузавых транспартных сродкаў, якія перасякаюць беларускі ўчастак граніцы Мытнага саюза, павялічылася на 20%. Гэта вельмі істотная лічба для студзеня», — канстатаваў намеснік старшыні ДМК.