«У сувязі з тым, што прасеў заробак»: з 1 мая тарыфная стаўка 1-га разраду вырасце на 5%

17.04.2012 / 20:33

«Аляксандр Лукашэнка 17 красавіка падчас даклада яму прэм’ер-міністра ўхваліў падыходы, прапанаваныя ўрадам, аб неабходнасці павышэння стаўкі першага разраду ў межах 5% з 1 мая для бюджэтных i прыраўнаваных да іх катэгорый работнікаў», — паведамляе прэс-служба.

Як адзначыў Міхаіл Мясніковіч, у мэтах выканання даручэнняў Лукашэнкі створана сістэма, якая дазваляе прадпрыемствам самастойна рэгуляваць пытанні аплаты працы, і многія прадпрыемствы дастаткова паспяхова выкарыстоўваюць гэты механізм. Вялікая колькасць, у асноўным горадаўтваральных, сістэмаўтваральных, прадпрыемстваў маюць дастаткова высокі ўзровень аплаты працы.

«У сувязі з тым, што ў органах дзяржкіравання, у вайскоўцаў сёння прасела заработная плата, і прынята рашэнне аб павышэнні заработнай платы для гэтых катэгорый з 1 мая.
У першую чаргу, вядома, за кошт тых сродкаў, якія могуць зэканоміць канкрэтныя арганізацыі за кошт аптымізацыі колькасці, скарачэння іншых выдаткаў, напрыклад, бягучых рамонтаў, транспартных выдаткаў, набыцця мэблі, інвентара і гэтак далей. Разам з тым у нас прадугледжаны адпаведныя сродкі і ў бюджэце гэтага года, якія таксама будуць скіраваныя на гэтыя мэты», — паведаміў прэм’ер-міністр.