Валожынцам свінакомплекс Чыжа не цікавы

на грамадскія слуханні прыйшлі ажно чатыры мясцовыя жыхары.

03.09.2012 / 15:56

1 верасня ў аграгарадку Пяршаі Валожынскага раёна адбылося грамадскае абмеркаванне справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе свінакомплексу на 110.000 галоў — самага буйнога ў Беларусі, які будуецца.

На абмеркаванне прыйшлі прадстаўнікі мясцовай улады, замоўца праекта — СТАА «Данпрад», праектнага інстытута «Брэстбудпраект», ТАА НПФ «Экалогія» і мясцовыя жыхары — чатыры чалавекі.

«У праекце прымененыя найбольш сучасныя апрабаваныя ў Беларусі рашэнні. Абсталяванне плануецца імпартнае. Прыватная асоба ўкладвае свае сродкі — і мае права закупляць любое абсталяванне. Праца будзе ісці ў аўтаматычным рэжыме», — сказаў начальнік аддзела комплекснага будаўніцтва інстытута «Брэстбудпраект» Сяргей Дзернін.

Прэтэнзіі мясцовых жыхароў — уваходжанне ў кіламетровую санітарную зону 11 жылых дамоў, якія падлягаюць адсяленню, і магчымае забруджванне мясцовых грунтовых вод, рэк і азёр адходамі ад свінакомплексу — абяцалі ўлічыць у канчатковай версіі праекта свінафермы.