Байкер урэзаўся ў аўтамабіль аддзела аховы

Па факце гібелі заведзена крымінальная справа.

05.09.2012 / 14:31

Па факце начнога ДТЗ у Мінску, у выніку якога загінуў байкер, расследуецца справа па частцы 2 артыкула 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правіл дарожнага руху, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека), паведаміў афіцыйны прадстаўнік Упраўлення Следчага камітэта па Мінску Аляксандр Герасімаў.

Паводле яго слоў, прыкладна ў 0.50 5 верасня аўтамабіль аддзела аховы Першамайскага РАУС Мінска выязджаў з вуліцы Макаёнка налева на праспект Незалежнасці, калі ў яго ўрэзаўся матацыкл Honda CBR 1000R.

У выніку аварыі матацыкліст 1984 года нараджэння загінуў на месцы, а два супрацоўнікі міліцыі з траўмамі рознай ступені былі дастаўленыя ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі і шпіталь МУС. Урачы ацэньваюць стан здароўя абодвух пацярпелых як стабільны.
Міліцэйская машына рухалася без уключаных сігнальных маячкоў. Святлафор на скрыжаванні працаваў у рэжыме жоўтага мігання, сказаў Герасімаў.
Ён таксама спаслаўся на словы сведак ДТЗ, якія сцвярджаюць, што матацыкл рухаўся з хуткасцю, якая значна перавышае дазволеную ў горадзе.

У межах крымінальнай справы прызначаны шэраг экспертыз.