Палітвязню Васілю Парфянкову вынесена спагнанне

24.10.2012 / 16:38

Палітзняволенаму Васілю Парфянкову ў следчым ізалятары ў Баранавічах адмоўлена ў сустрэчы з урачом і вынесена спагнанне,
паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Парфянкоў даслаў ліст сваёй знаёмай, датаваны 16 кастрычніка, у якім паведаміў, што ў следчым ізалятары ён захварэў.
Ён тры разы пісаў заявы на сустрэчу з урачом, аднак сустрэцца з ім не дазволілі. На днях Парфянкоў настолькі дрэнна сябе адчуваў, што не здолеў падняцца з ложка на ранішнюю паверку. За гэта яму вынесена спагнанне. Парфянкоў асцерагаецца, што з-за гэтага спагнання ён можа быць змешчаны ў штрафны ізалятар.
Таксама Парфянкоў піша, што ў сувязі з пахаладаннем на вуліцы ў камеры стала вельмі холадна.
Раней ён сядзеў у памяшканні падвальнага тыпу, затым перавялі ў іншую камеру, з лепшымі ўмовамі, але тэмпература там усё роўна нізкая. Ён вымушаны спаць у адзенні.