На прадпрыемствах Беларусі, дзе працуюць замежныя рабочыя, кажуць пра вялікую цякучасць сярод гэтых працоўных кадраў.

Тое, што больш за 50 замежнікаў, якія летась працавалі на «Атланце», ужо звольненыя, пацвердзіў начальнік аддзела кадраў аб’яднання Аляксандр Таўстыка:

«Так, ужо не працуюць. Звольнілі», — сказаў Аляксандр Таўстыка. Ён адмовіўся патлумачыць, звольніліся гастарбайтары самі ці ад іх вырашылі пазбавіцца.

Між тым, паводле крыніцы на «Атланце», якая просіць не называць імя, адной з прычын непадаўжэння кантракту з замежнікамі сталі частыя канфлікты ў іх асяроддзі.

«Жылі яны не ў інтэрнаце, а проста на заводзе, у былой сталоўцы. Умовы там непрыдатныя: ложкі стаялі ярусамі, узімку холадна, летам спякотна. Але гэта ўсё яшчэ было цярпіма, пакуль паміж імі самімі не пачаліся разборкі. Даходзіла да таго, што выклікалі міліцыю проста на прадпрыемства. Вось іх ужо і няма, звольнілі ўсіх і пакуль новых не прывезлі», — паведаміў працаўнік завода.

Паводле гэтай крыніцы, плацілі рабочым з Сярэдняй Азіі прыблізна як і беларускім працаўнікам — па 500-600 даляраў штомесяц, але рабілі яны не па 8 гадзін, а па 12.

Ці азначае звальненне групы з Сярэдняй Азіі, што прадпрыемства расчаравалася ў гэтай катэгорыі працоўных мігрантаў?

«На сёння ў нас дастаткова персаналу, каб выконваць план, які складзены на гэты год. Таму ў нас іх няма», — сказаў намеснік дырэктара па кадрах Аляксандр Машко. Пры гэтым на розных пляцоўках кампаніі паводле дамовы падраду перыядычна працуюць асобныя адмыслоўцы з еўрапейскіх краін. «Могуць быць са Славакіі, з Італіі, але колькі дакладна цяпер працуе, сказаць не магу», — заўважыў спадар Машко.

Не толькі прамысловыя прадпрыемствы ў апошнія гады пачалі папаўняць свае працоўныя кадры за кошт прыезджых з Сярэдняй Азіі.

Агракамбінат «Дзяржынскі», што ў Фаніпалі пад Мінскам, летась таксама браў на працу прадстаўнікоў Таджыкістана. «У нас працавала недзе 20 таджыкаў, усе маладыя хлопцы. Але цяпер яны ўжо не працуюць. Якраз сёння прыходзілі ў аддзел 2 іх землякі, магчыма, возьмуць на працу, але іншых няма», — паведаміла супрацоўніца аддзелу кадраў «Дзяржынскага».

Паводле яе звестак, на агракамбінаце таджыкі працавалі ў розных цэхах: у каўбасным, забойным, бойлерным. Ім аформілі беларускія працоўныя кніжкі, навучылі прафесіі, прысвоілі працоўную кваліфікацыю. Але на прадпрыемстве гастарбайтары не затрымаліся:

«У нас на месцы адбываецца навучанне, і ім была прысвоеная кваліфікацыя грузчыка. Ці апрацоўшчыка мяса, як у каго. З такой кваліфікацыяй, мяркую, знойдуць куды ўладкавацца».

Ці магло так стацца, што прыезджых не задаволіў заробак, які яны атрымлівалі ў агракамбінаце? Паводле суразмоўцы, таджыкі зараблялі па 5 мільёнаў беларускіх рублёў і на заробак ня скардзіліся. «Яны вельмі спакойныя, але нейкае непаразуменне з імі ўсё ж існавала», — кажа жанчына:

«Яны своеасаблівыя людзі. Можа, ім і падабаецца ў нас, але… Такія цікавыя: то хачу працаваць, то не хачу працаваць.

Пры афармленні дакументаў таксама… Ці то на іх нехта ўплывае ў дрэнны бок…»

Паводле кіраўніка Дэпартамента грамадзянства і міграцыі МУС Аляксея Бегуна, за мінулы год у краіну завезлі на 50% больш працоўнай сілы. «За гэтым кантроль ёсць. Або вы бачыце таджыкаў ці ўзбекаў, якія ходзяць па вуліцы без справы і робяць злачынствы? За замежнай працоўнай сілай на тэрыторыі Беларусі кантроль ёсць, ніхто тут не бадзяецца».

Летась на 11 500 чалавек у Беларусь больш прыехала, чым выехала, паведамілі ў Дэпартаменце.

«Летась кіраўнікоў прыехала — 879, кваліфікаваных працаўнікоў і адмыслоўцаў — 2725, працаўнікоў сферы абслугоўвання і гандлю — 789, прадстаўнікі сельскай гаспадаркі — 784. А прадстаўнікі іншых працоўных прафесій — 13 103», — назваў лічбы спадар Бягун.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?