Музей Якуба Коласа.

Музей Якуба Коласа.

Напрыканцы мінулага года Міністэрства культуры прыняла рашэнне знізіць статус Літаратурнага музея Максіма Багдановіча і рэарганізаваць яго ў філіял Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Тыя ж змены чакаюць Літаратурны музей Петруся Броўкі. Таксама планавалася, што Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры стане часткай Нацыянальнага гістарычнага.

Але гэтым аптымізацыя музейнай сферы не абмежавалася.

Літаратуразнаўца Ціхан Чарнякевіч напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што музеі Янкі Купалы і Якуба Коласа павінны да жніўня 2014 года ператварыцца ў філіялы Музея гісторыі беларускай літаратуры. Апошні будзе рэагранізаваны ў Нацыянальны музей гісторыі беларускай літаратуры.

Як паведаміў Чарнякевічу ананімны інфарматар, такія звесткі ўтрымліваюцца ў новым плане па аптымізацыі ўстаноў культуры, які распрацаваны міністэрствам.

У Міністэрстве культуры «Нашай Ніве» часткова пацвердзілі інфармацыю. Намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Дзмітрый Шляхцін заявіў, што

ідэя аб стварэнні Нацыянальнага музея гісторыі беларускай літаратуры належыць самому міністэрству. Хоць рашэнне яшчэ канчаткова не прынятае.

Дзмітрый Шляхцін тлумачыць ініцыятыву тым, што

статус нацыянальнага музея дазволіць узняць статус філіялаў. І што яшчэ больш істотна, павялічыць заробкі супрацоўнікаў.

Бо такі статус прадугледжвае іншы каэфіцыент для налічэння заробку.

На пытанні пра магчымыя скарачэнні супрацоўнік Мінкульта патлумачыў, што

асноўныя скарачэнні прайшлі ў 2013 годзе. Пры новай рэарганізацыі яны могуць закрануць толькі адміністрацыйны апарат і не будуць тычыцца навуковых супрацоўнікаў.

Пры рэарганізацыі музея Багдановіча грамадскасць выказвала насцярогу, што ў філіяла могуць узнікнуць складанасці пры правядзенні навуковых даследаванняў, а таксама можа расквітнець бюракратызм. Як падкрэсліў Дзмітрый Шляхцін,

паводле ўсіх нарматыўных актаў, філіял з’яўляецца адасобленым структурным падраздзяленнем. Плануецца, што кіраўнікі філіялаў атрымаюць даверанасць, якая дазволіць ім самастойна вырашаць бягучыя пытанні і займацца камплектацыяй музейных фондаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?