Расея не звар'яцела. Імпэрыя ніколі не была нармальнай.

Расейская імпэрыя — разумная і пасьлядоўная дзяржава, ня менш чым Чыкаціла. Яна мае розум і халодную страсьць, і прадбачлівасьць маньяка. Меры перасьцярогі і маскіроўка пры нападзе — дакладна вытрыманыя, мыла, вяроўка і нажы для расчляненьня акуратна ўкладзеныя ў чамаданчык. На від — звычайны белы чалавек у акулярках. Паліцыя дзесяцігоддзямі бясьсільная, маньяк рэжа, гвалціць і расчляняе. Павінна набрацца мерка крыві, пакуль паліцыя рушыць дупай.

У свой час народ Нямеччыны на 65% падтрымаў свайго фюрэра і адпаведна панёс ганьбу і сьмерць разам зь ім. Расейцы заплацяць — як народ — вялікую цану. Прабачце, мае паасобныя мілыя расейскія сябры і мае расейскія родныя. Я вас люблю. Гэта ніяк вас ня тычыцца, але і ніяк не адмяняе таго, што я сказала пра вайну і цану. Быць Расейскай імпэрыі праклятай да пакаяньня. Расея загіне і адродзіцца ў новай якасьці. Ужо як нармальная і родная нам сястра.

* * *

Толкіен памыляўся ў адным: калі апісваў оркаў фізычнымі ўродамі з выварачанай прыродай. Оркі з выгляду вельмі нагадваюць белых эўрапейцаў, і могуць нават езьдзіць на роліках, піць каву лятэ і гаварыць на эўрапейскіх мовах. Але гэта заўжды — оркі. Людзі, эльфы і гномы могуць дамовіцца міжсобку. А орк — не; ён заўсёды будзе служыць абсалютнаму злу і хлусьні. Мы жывем побач з оркамі, і бачым, як нашыя грамадзяне ператвараюцца ў оркаў, а хто не ператвараецца — таго зьнішчаюць. Прафэсар, ты — строгі рэаліст, нічога лішняга ў тваёй трылёгіі няма.

* * *

Мы ўсе павінны стаць украінцамі настолькі, наколькі можам. Вось які рэсурс маем, такі трэба і аддаць — час, грошы, голас, што заўгодна. Гэты звон звоніць па нас, людзі са зброяй на суседскім парозе.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?