Прапагандысцкі каток, якім расійскае тэлебачанне праходзіцца па Украіне, усё больш набірае моцы (і наўрад ці ён спыніцца пасля закліку да аб'ектыўнасці ад кіраўнікоў украінскіх Медыягруп).

Уладзімір Салаўёў у апошнім «Нядзельным вечары» дайшоў да ручкі: эксперты, якія падтрымліваюць увод расейскіх войскаў у Крым, «дыскутавалі» з «апанентамі», якія стаяць на тых жа пазіцыях.

Часопіс «Собеседнік» вырашыў разабрацца: а на ўкраінскім ТБ з ацэнкамі падзей усё таксама адназначна? За адказам звярнуліся да Мацвея Ганапольскага — журналіста, які працуе і ў Расіі, і ва Украіне.

— Пачнём з таго, што ва Украіне ёсць толькі адзін дзяржаўны канал, які глядзяць усе, — гэта Першы нацыянальны канал. Вядома, ёсць яшчэ канал «Рада» (канал парламента) і канал «Культура», але палітычная магчымасць тэлебачання прамываць мазгі ўкраінскім гледачам у дзяржавы зведзена да мінімуму. Таму галоўнае адрозненне паміж расійскім і ўкраінскім тэлебачаннем у тым, што расійскае ТБ — ТБ дзяржавы, а ўкраінскае ТБ — ТБ, за якім стаяць алігархі, якія належаць таму ці іншаму палітычнаму клану. Але! Тут вельмі важны момант!

Тэлеканалы для алігархаў — гэта не толькі магчымасць праводзіць свае ідэі ў масы, але яшчэ і камерцыйны праект.

Таму на ўкраінскім ТБ немагчыма так ашалела хлусіць (я кажу гэта слова без усялякага сораму — канстатую факт), як хлусяць на расійскіх дзяржаўных каналах з нагоды ўкраінскіх падзей або, напрыклад, з нагоды апазіцыі.

Украінскае ТБ, на мой суб'ектыўны погляд, адрозніваецца большай адкрытасцю, значным зваротам да гледача. На ўкраінскім ТБ няма спланаванай безагляднай антырасейскай прапаганды. Яе проста не існуе! Няма чалавека, які (як гэта адбываецца на расійскім ТБ) кожны дзень выходзіць у эфір і кажа, што ў Расеі — злачынны рэжым. Нават цяпер яго няма, падчас трагічных падзей, пры тым напружанні, якое ўзнікла паміж Украінай і Расіяй. Усяго адзін прыклад: у нядзелю 2 сакавіка адбыўся грандыёзны эфір, які бачыла ўся краіна. Першы (дзяржаўны) канал правёў яго сумесна з самым яркім апазіцыйным каналам — «Громадська ТВ», і шоу Савіка Шустэра. На гэтым шоу былі прадстаўлены ўсе пункты гледжання. І магу вас запэўніць: ніякіх крыкаў пра тое, што Расія вораг, і блізка не было. Хоць ва ўкраінцаў цяпер даволі спецыфічнае стаўленне да РФ.

У расейскіх гледачоў, на думку Ганапольскага, ёсць толькі адзін варыянт даведацца альтэрнатыўнае дзяржаўнаму меркаванне па Украіне, — уключыць канал «Дождь». Аднак яго вяшчанне, як вядома, абмежавана з нядаўніх часоў магчымасцямі Інтэрнэту.

— «Дождь» — адзіная пляцоўка, куды могуць прыйсці хоць правыя, хоць левыя, і сказаць, што думаюць. Усё астатняе інфармацыйнае поле складаецца альбо з адкрытай, грубай прапаганды, альбо з тых каналаў, якія перапужаныя, і нават у сваіх так званых «смелых» ток-шоу старанна рэдагуюць спіс гасцей.

Але не ў адных «чорных спісах» каментатараў заключаецца ўдзел дзяржавы ў фарміраванні палітыкі каналаў. Нам ужо спешна паказалі «Тараса Бульбу», і Уладзімір Бортка ў спецыяльным інтэрв'ю «Вестям» патлумачыў, чаму неабходна глядзець гэтае кіно. Зараз тэлеканал «Расія» паўтарае «Белую гвардыю»… Аркадзь Мамантаў даўно перайшоў са сваім «Спецыяльным карэспандэнтам» на пазаўрочны рэжым працы. Таксама і «Воскресный вечер», які, нягледзячы на назву, можа з'явіцца цяпер у эфіры ў любы дзень. Сёння стала вядома, што «Поедінок» Уладзіміра Салаўёва перасунулі з чацвярга на пятніцу (па новым графіку праграма пачне выходзіць з 7 сакавіка) і паставілі на больш зручны, ранневечаровы час — 21.00.

Аднак калі ўсе вышэйпералічаныя меры з пункту гледжання дзяржпалітыкі вытлумачальныя, то адмова «Першага канала» трансляваць цырымонію ўручэння кінапрэміі «Оскар», чаго з Эрнстам раней не здаралася, выклікала спачатку здзіўленне. Чым «найважнейшае з мастацтваў» перашкодзіла Крамлю? Тым больш у такі час, калі тэлевізар амаль ніхто і не глядзіць? Бо пачатак прамой трансляцыі з Лос-Анджэлеса павінен быў пачацца 3 сакавіка ў 4 гадзіны раніцы!

— Мабыць, кіраўнікі «Першага» ці аднекуль даведаліся, ці то з большай доляй верагоднасці выказалі здагадку, што на «Оскары» будуць казаць пра Ўкраіну, — працягвае Ганапольскі. — І сапраўды! Ва ўступным слове вядучыя перадалі прывітанне народам, якія змагаюцца за свае правы: народам Украіны і Венесуэлы.І толькі з-за таго, каб не прагучала гэтая фраза, канал у апошні момант баязліва адмовіўся весці жывую трансляцыю ўрачыстасці! Праз суткі ўручэнне, вядома, пакажуць, але гэтай фразы ў скарочанай «версіі» ўжо, зразумела, не будзе …

Прыходзіцца канстатаваць: расійскае ТБ як журналісцкі інстытут, як сумленны інструмент адлюстравання інтарэсаў грамадзянскай супольнасці — ён не абмежаваны, ён нікчэмны. Праўда або ёсць, або яе няма. Калі яе пачынаюць абразаць, круціць, то гэта ўжо не праўда, а так … глупства.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?