Сяргей Калякін са «Справядлівага свету»– адзіны лідар партыі, які спрабуе прабіцца ў Мінгарсавет.

Сяргей Калякін са «Справядлівага свету»– адзіны лідар партыі, які спрабуе прабіцца ў Мінгарсавет.

Чарговыя выбары ў мясцовыя саветы выклікаюць малую цікавасць у грамадзян.

Падчас папярэдняй кампаніі яўка мусіла перавышаць 50%, таму ўлады былі вымушаныя «падцягваць» лічбы. І нават пры гэтым у Мінску ўдалося «намаляваць» толькі 58,7%. Цяпер патрабаванні да мінімальнай яўкі адмянілі, таму неабходнасць у скліканні выбаршчыкаў знікне.

У чым перавага мясцовых выбараў, дык гэта ў тым, што яны дазваляюць убачыць зрэз заробкаў па краіне. «Наша Ніва» азнаёмілася з дэкларацыямі сталічных кандыдатаў. На якіх пасадах зарабляюць больш, а на якіх менш?

У дэкларацыях указваецца агульная сума гадавога даходу. У яго могуць уваходзіць заробак, пенсія і стыпендыя, даход ад продажу кватэры ці аўтамабіля, дывідэнды ад акцый. Долю кожнай з крыніц пралічыць немагчыма, мы пралічваем сярэдні даход за месяц. Варта памятаць, што кандыдат у дэпутаты мог на працягу года змяняць месца працы.

Багацеі і жабракі

Самыя багатыя ў рэйтынгу — прадпрымальнікі. Абсалютны лідар спіса — Андрэй Ратасеп. Паводле дэкларацыі, 33-гадовы беспартыйны ІП-шнік штомесяц меў даход памерам $40,4 тысячы! Агулам — больш за $2 мільёны. Што праўда, і выдаткі ў яго маглі быць адпаведныя. З маёмасці ў Ратасепа ёсць толькі аўтамабіль.

Будаўнікі зарабляюць менш, але таксама жывуць заможна. Начальнік філіяла будаўнічага трэста №3 Міхаіл Макаранка штомесяц меў па $11,3 тысячы.

Дырэктар спартыўна-аздараўленчага комплексу «Алімпійскі» Сяргей Казлоў штомесяц зарабляў па 53 мільёны рублёў. Ён адзін з нямногіх сяброў Беларускай сацыяльна-спартыўнай партыі. Мае два легкавікі, а вось жылля няма.

Дырэктар «Мінскага холада-камбіната №2» Аляксандр Рубінаў атрымліваў па 46 мільёнаў. Але ў яго пэўны даход маглі прыносіць акцыі сеткі крамаў «Жывінка».

Самая багатая прадстаўніца ЛДПБ Наталля Башура цяпер часова не працуе, але летась у сярэднім за месяц зарабляла па 43 мільёны. Дапамагае маёмасць: у Наталлі ёсць кватэра, склады і будынак крамы. А таксама 50% статутнага фонду кампаніі «Бікам сэрвіс».

Ігар Бабок — намеснік па ідэалогіі на «Мілавіцы». Два гады таму ён прабіваўся ў парламент. Аднак па ягонай акрузе ішоў старшыня пастаяннай камісіі палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка, таму Бабку пакінулі толькі 16,7% галасоў. Цяпер ён спрабуе прайсці ў мясцовыя саветы. Леташні даход Бабка складаў 41 мільён. Але і без іх ён заможны чалавек: мае дзве кватэры і два легкавікі. Ёсць і адна акцыя «Мілавіцы».

А вось дырэктар аэрапорта Дзмітрый Мелікян маёмасці не мае. Затое даход — 37 мільёнаў.

Дырэктар «Галантэі» Аляксандр Набздораў атрымліваў па 35 мільёнаў. Але яму дадатковыя грошы маглі прыносіць 2500 акцый ягонага прадпрыемства.

З адваротнага боку рэйтынга тыя, хто ніякага даходу не мае. Гэта некалькі студэнтаў-платнікаў, а таксама Сяргей Вазняк са «Справядлівага свету». Дзіўная сітуацыя: ён лічыцца галоўным рэдактарам газеты «Таварыш», але пры гэтым ніякіх грошай не зарабляе. Зусім. Хоць, паводле заканадаўства, не можа не атрымліваць хаця б мінімальны заробак. Выбарчай камісіі Вазняк патлумачыў, што жыве «за кошт раней назбіраных сродкаў».

Бюджэтнікі

Цяпер да канкрэтных прафесій. Настаўнікі, дактары і іншыя бюджэтнікі традыцыйна складаюць большасць мясцовых саветаў. Колькі яны зарабляюць?

Пачнем з педагогаў. Шараговых настаўнікаў сярод кандыдатаў нямнога, прычым абодва — камуністы. Яны зараблялі па 5—6 мільёнаў. Дарэчы, такім жа даходам адзначылася першы сакратар райкама БРСМ Алеся Громава.

Дырэктараў школ набралася з дзясятак. Сярэдні заробак у іх складае 8 мільёнаў рублёў. У вышэйшай адукацыі плацяць іншыя грошы. Напрыклад, рэктар Медуніверсітэта Анатоль Сікорскі можа пахваліцца 18 мільёнамі штомесяц. А рэктар Універсітэта культуры Юрый Бондар — 23 мільёнамі.

У цэлым даходы медыкаў вышэйшыя, чым у педагогаў. У дэпутаты ідзе дзясятак галоўных дактароў гарадскіх паліклінік. Сярэдні заробак у іх — 12,5 мільёна. У бальніцах больш. У Жанны Казачонак (11-я бальніца) — 20 мільёнаў.

Некалькі словаў і пра іншых бюджэтнікаў. Дырэктар Музкамедыі Аляксандр Пятровіч меў па 14 мільёнаў. Генеральны дырэктар холдынга «Мінск-Навіны» Кацярына Дубінская мела амаль 19 мільёнаў штомесяц! Для параўнання, намеснік генеральнага дырэктара звышпаспяховага «Амкадора» Аляксандр Нахаенка зарабляў 18 мільёнаў.

А генеральнай дырэктарцы датацыйнай «Белпошты» Ірыне Саксонавай штомесяц налічвалася па 25 мільёнаў.

І пра знакамітасцяў. Інтэрнэт-герою, галоўнаму рэдактару партыйнай газеты «Камуніст Беларусі» Жану Содэлю плацяць 1,5 мільёна.

На выбары ідуць і два вядомыя апазіцыйныя камуністы. Лідар «Справядлівага свету» Сяргей Калякін задэклараваў штомесячны заробак 12 мільёнаў рублёў (ён атрымлівае і пенсію), а ягоны намеснік Валерый Ухналёў — 7 мільёнаў рублёў.

Комік Яўген Крыжаноўскі з ЛДПБ зарэгістраваны як ІП-шнік. Гэта дазваляе яму штомесяц мець 30 мільёнаў рублёў.

Крымінальнае мінулае

Новаўвядзенне гэтай выбарчай кампаніі — указванне ранейшых судзімасцяў кандыдатаў. Гэта нібыта мусіла адштурхнуць выбарцаў ад апазіцыянераў — спрэс «хуліганаў» і «арганізатараў масавых беспарадкаў».

Хто з раней асуджаных ідзе ў дэпутаты? Сярод апазіцыі — Артур Фінькевіч і Дзмітрый Каспяровіч.

Сябра ЛДПБ Валерыя Кірыенкава, які цяпер працуе ў ЖСК «Абаронец», судзілі за махлярства, незаконную прадпрымальніцкую дзейнасць і нават раскраданне шляхам перавышэння службовых паўнамоцтваў. Другі ЛДПБ-шнік, кіроўца Аляксандр Шэндрык, двойчы быў асуджаны за ўхіленне ад утрымання дзяцей. Трэці сябар партыі, ІП-шнік Мікалай Шаціла, быў звязаны з незаконным абаротам наркотыкаў.

Праблемы з законам мелі і двое камуністаў. Супрацоўніка БНТУ Казіміра Юройця вінавацілі ў хуліганстве і супраціўленні работнікам міліцыі, а загадчыка склада «Еўраопта» Альберта Ерафеенку — у хуліганстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?