Такое «адкрыццё» належыць не мне. Гэтае параўнанне стала штампам, агучваецца навукоўцамі і палітыкамі, блукае ў сеціве.

Гітлер «падняў з каленяў» Германію пасля яе ваеннай паразы і версальскага паніжэння. Расійская псіхіка, як выявілася, таксама была траўмаваная тым, што чатырнаццаць былых савецкіх краін сталі замежжам. Адчувальнай была і параза ў першай вайне ў Ічкерыі. І вось Пуцін, як лічыцца, «падняў з каленяў» сваю прыніжаную радзіму.

Ёсць аналогія і паміж тым, як гітлераўская Германія падагравала «патрыятычныя» настроі немцаў у Судэцкай вобласці Чэхаславакіі, і тым, што пуцінская Расія вытварае ў Крыме.

Далучэнне Судэтаў, як і аншлюс Аўстрыі, сталі пярэдаднем Другой сусветнай вайны (зрэшты, Сталін і яго партыя ўжо ў сакавіку 1939-га лічылі, што вайна пачалася). Ці дойдзе цяпер да Трэцяй сусветнай вайны? Гэтае пытанне задаюць многія.

Што ў падпальшчыка сусветнай вайны, «святога» Мікалая ІІ, былі абмежаваныя разумовыя здольнасці, – тое не сакрэт. Што ў падпальшчыкаў наступнай вайны, Гітлера і Сталіна, не ўсё ў парадку было з псіхікай, – пра тое хто толькі не пісаў. Цяпер палітыкі, публіцысты і аналітыкі ўголас разважаюць пра шызафрэнію Пуціна. Калі згадаць, што на Расіі ляжыць віна за Першую сусветную вайну, што Расія пад імем СССР разам з Германіяй развязала Другую сусветную вайну, калі ўлічыць тую шавіністычную істэрыю, якая сёння пануе ў Расіі і ў Дзяржаўнай думе, чаму не дапусціць, што аднаго разу расійскае кіраўніцтва можа націснуць на кнопку?

Канец аналогій

У 1938 годзе Гітлер дамогся ад Францыі і Злучанага Каралеўства афіцыйнай згоды на далучэнне Судэтаў да Германіі. У 2014 годзе Пуцін не атрымаў і не атрымае афіцыйнай згоды заходніх дэмакратый на далучэнне Крыма да Расіі.

Дзяліць Чэхаславакію Германіі ў 1938 годзе дапамаглі дапамагалі Венгрыя і Польшча. У 2014 годзе Расія не мае саюзнікаў у справе падзелу Украіны. Нават афіцыйны Менск голасна не падтрымаў свайго дабрадзея і саюзніка.

Захапіўшы ў 1939-м Чэхію і Маравію, устанавіўшы над імі пратэктарат, Гітлер стварыў нібыта незалежную Славацкую дзяржаву. Пуціну наўрад ці ўдасца стварыць марыянеткавую Паўднёва-Усходнюю Украіну. Пагатоў яму цяпер ужо не ўдасца ўстанавіць пратэктарат над Цэнтральнай і Заходняй Украінай.

Гітлер учыняў аншлюс Судэтаў пры ўсеагульнай падтрымцы ўчадзелага ад нацысцкай прапаганды нямецкага народа. Калі хтосьці з немцаў на тэрыторыі фатэрлянда і разумеў усю небяспеку гэтага кроку для самой Германіі, дык мусіў маўчаць. У пуцінскай Расіі ўсё ж ёсць людзі, якія не паддаліся ўсеагульнаму ачмурэнню і замбаванню, якое вядзе афіцыйная прапаганда. Яны нават не баяцца выходзіць на вуліцы і плошчы, каб прадэманстраваць сваю нязгоду з дзяржаўнай палітыкай. Гэтыя людзі разумеюць небяспеку палітыкі, якую вядзе пуцінскі рэжым, перш за ўсё для самой Расіі.

Хельсінкскі акт пахаваны

Пуцін не атрымаў і не атрымае афіцыйнай згоды заходніх дэмакратый на далучэнне Крыма да Расіі. Неафіцыйную згоду ён ужо атрымаў. Захад не здолеў рашуча стрымаць агрэсара.

Актам агрэсіі ў дачыненні да Украіны Расія перакрэсліла Заключны акт Нарады аб еўрапейскай бяспецы і супрацоўніцтве ў Хельсінках (1975) і замацаваны ў ім прынцып непарушнасці дзяржаўных межаў. Сама ж Арганізацыя бяспекі і супрацоўніцтва ў Еўропе ператварылася ў непатрэбную інстытуцыю, знікнення якой ніхто не заўважыць.

Новы Афганістан. Патрэба ў новым Рэйгане

Хельсінкскі Акт, як вядома лічыцца, сімвалам палітыкі разрадкі напружнасці (дэтанты, энтшпанунгу) у адносінах паміж Усходам і Захадам. З моманту яго пахавання аглядальнікі і аналітыкі кажуць пра непазбежнасць калі не Трэцяй сусветнай, дык новай халоднай вайны.

Палітыка разрадкі напружанасці паміж Усходам і Захадам давала эфект да пэўнай меры. Не сакрэт, што пад размовы аб разрадцы да пачатку 1980-х бальшавікі практычна разграмілі дысідэнцкі рух у СССР. Яго правадыры былі высланыя або на Захад (як Аляксандр Салжаніцын), або ў расійскую глыбінку (як Андрэй Сахараў), астатнія ж дысідэнты (як Ляўко Лук’яненка) апынуліся ў лагерах або знаходзіліся пад каўпаком ГБ.

Пад размовы аб разрадцы СССР вёў гонку ўзбраенняў і ажыццяўляў палітычную экспансію. Па-мойму, расійскую акцыю ў Крыме недастаткова параўноўваць з гітлераўскай палітыкай у Судэтах. Давайце параўнаем яе з увядзеннем савецкіх войскаў у Афганістан.

Увядзенне «абмежаванага кантынгента» ў Афганістан паклала пачатак канца Савецкага Саюза. Але каб імперыя распалася, патрэбны быў Рональд Рэйган, які ўголас назваў СССР імперыяй зла.

Захаду пара ўсвядоміць, што пуцінская Расія – такая ж імперыя зла, як і СССР. Мы бачым, як расійская ўлада громіць апазіцыю ўнутры краіны і ўсё больш агрэсіўна паводзіць сябе на міжнароднай арэне. Відавочна, што ранейшая палітыка Захаду ў дачыненні да афіцыйнай Расіі дала збой, развязала рукі рэакцыйным сілам.

Прэзідэнт Барак Абама здзейсніў стратэгічную памылку, калі вырашыў «перазагрузіць» адносіны паміж ЗША і афіцыйнай Расіяй. На змену сучаснаму «голубу» Джымі Картэру ў асобе Абамы у Белы дом павінен прыйсці новы Рональд Рэйган. Многім не падабалася сацыяльная дактрына гэтага палітыка, рэйганоміка, але многім падабалася ягоная прынцыповасць і цвёрдасць у адносінах да імперыі зла. Афіцыйная Расія прызнае толькі сілу. І ў вострыя моманты размаўляць з ёю трэба толькі з пазіцыі сілы.

Новыя выклікі для Расіі і Захад

Даводзілася чуць, што для вядзення агрэсіўнай палітыкі Расія мае невычарпальныя рэсурсы. Гэта перабольшанне. Нікога не павінна падмануць маскоўская ілюмінацыя. Расія па-ранейшаму застаецца беднай краінай.

Тое, што з ініцыятывы Біла Клінтана «сыравінная імперыя» трапіла ў адну кампанію з Вялікай сямёркай, – нонсэнс і з эканамічнага, і палітычнага гледзішча. Расію толькі чалавек з хворай фантазіяй можа залічыць у шэраг эканамічна развітых дэмакратычных краін. Таму першым крокам лідэраў Захаду ў дачыненні да пуцінскай Расіі павінна быць вяртанне да Вялікай сямёркі. І выдатна было б, калі б сёлетняя сустрэча лідэраў Сямёркі адбылася, як таго жадаюць украінскія габрэі, у Кіеве. Ці адважыцца Захад на такі жэст і крок?

Новая Крымская вайна ўжо абышлася Расіі ў многія мільярды даляраў. Заложнік траўмаванай расійскай псіхікі, апантаны імперскімі амбіцыямі, пуцінскі рэжым плаціць шматмільярдную даніну сваім сатрапам на Паўночным Каўказе за іх лаяльнасць. Яму даводзіцца ўтрымліваць за кошт бедных расійскіх рэгіёнаў сваю крэатуру ў Абхазіі, Паўднёвай Асеціі і Прыднястроўі. Штогод ён выдаткоўвае не менш як шэсць мільярдаў даляраў на падтрымку лукашэнкаўскага рэжыму ў Беларусі. Цяпер у пуцінскай Расіі можа з’явіўся новы кліент – крымінальны крымскі рэжым.

І з’явяцца новыя праблемы: або змірыцца з новай Украінай, ад якой залежыць энерга- і водазабеспячэнне Крыма, або наладжваць пастаўкі энергіі і вады на паўвостраў з кантынентальнай Расіі праз мора. У дадатак Расіі давядзецца мець справы не толькі з украінскай грамадою Крыма – з 250-тысячным крымскататарскім народам, а праз яго – з ісламскім светам. А калі ўзяць пад увагу «праблему 2014» – вывад войскаў НАТО з Афганістана і, як наступства, актывізацыю ісламістаў у Таджыкістане, Узбекістане ды іншых краінах Сярэдняй Азіі, а таксама ў ісламскіх рэгіёнах самой Расіі?

Тым часам беднай Расіі наканавана бяднець. Сур’ёзныя аналітыкі-эканамісты ў адзін голас сцвярджаюць, што расійская эканамічная мадэль сябе вычарпала, што расійская эканоміка плаўна са стадыі стагнацыі пераходзіць у стадыю рэцэсіі. Да таго ж многія сцвярджаюць, што расійская эканамічная і палітычная мадэль, як і савецкая, не паддаецца рэфармаванню. Ці не прадракае гэта Расіі лёс Савецкага Саюза? Ужо і Грыгорый Яўлінскі адкрыта кажа аб яе немінучым распадзе.

З другога боку, «сыравінная імперыя» паступова траціць рычагі ўплыву на Захад.

«Сланцавая рэвалюцыя», адкрыццё радовішчаў газу ў Польшчы, тэхналагічны прагрэс – усё гэта ды іншае даюць мажлівасць Штатам і Еўропе ўзяць іншую танальнасць у размове з Расіяй.

Яшчэ раз: пуцінскі рэжым, як і бальшавіцкі, паважае сілу і прынцыповасць. Але Захаду для таго, каб весці размовы з гэтым рэжымам у новай танальнасці, патрабуецца новы Рональд Рэйган.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?