З навін і наяўных на сайце Парку дакументаў можна заключыць, што пачынаецца беспрэцэдэнтных маштабаў будаўніцтва індустрыяльнай зоны для размяшчэння буйных вытворчых магутнасцяў замежных інвестараў.

На першы погляд, такі буйны міжнародны праект можна толькі вітаць.

У Парку будзе збірацца прадукцыя такіх сусветна вядомых кітайскіх брэндаў са шматгадовай гісторыяй поспеху, як ZTE, Lenovo, Huawei, Great Wall. Аб праекце сказана нямала добрых словаў. Аднак у ім утрымліваецца нямала абмежаванняў.

Так, ва ўстаноўчых дакументах пазначана, што віды дзейнасці абмяжоўваюцца «стварэннем і развіццём вытворчасцяў».

Такім чынам, інвестараў ад пачатку арыентуюць на пабудову валаўтваральных вытворчых прадпрыемстваў, якія не прадугледжваюць удзелу навукоўцаў і вынаходнікаў.

Мінімальная планка ў 5 мільёнаў даляраў стартавых інвестыцый і геаграфічная аддаленасць ад сталіцы загадзя адсякае магчымасць развіцця інтэлектуальнага патэнцыялу ў выглядзе навукова-даследчых стартапаў, лабараторый, інжынерных і праектных арганізацый у чыстым выглядзе, без вытворчасцяў. Чым яны перашкодзілі заснавальнікам Парку, незразумела. А гэта страчаны шанец прыцягнуць найлепшых інжынераў і навукоўцаў, з гадамі сканцэнтраваўшы навукова-тэхнічны патэнцыял некалькіх краін, у тым ліку заходніх, у цэнтр кампетэнцый і інавацый накшталт Крамянёвай даліны. Магчыма, прычына такога рашэння — праект іншага парку «БелБіяград», стваральнікі якога хочуць сканцэнтраваць у ім навукова-даследчы і інжынерны патэнцыял, што выкарыстоўвае Беларуска-кітайскі індустрыяльны парк у якасці пляцоўкі для размяшчэння вытворчасцяў рэзідэнтаў «БелБіяграда». Праўда, аб гэтым праекце амаль год нічога не чуваць.

Калі Парк пад Смалявічамі ствараўся для таго, каб фармальна ўключыць абароты яго будучых прадпрыемстваў у лічбу ВУП Беларусі і ўрачыста аб'явіць дасягнутую велічыню ў выпуску тэленавінаў, то ён, безумоўна, апраўдае сябе. Калі, вядома, наша ўлада працягвае бачыць хоць нейкі сэнс у фармальным росце паказчыка ВУП і толькі ў ім. З іншага боку, любое спелае прадпрыемства ацэньваецца па памеры прыбытку. Інвестарам не трэба стратнае прадпрыемства, тым больш з вялікімі абаротамі. Дзяржаўнае кіраванне эканомікай — гэта асаблівы від бізнэсу, у якім (калі груба) ВУП — гэта абарот. А дзе ж прыбытак?

Мэта

14 лютага 2014 г. на нарадзе кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў: «Першы, хто ў гэтым [праекце] павінен быць зацікаўлены, — гэта КНР. Ім вельмі важны і патрэбны гэты праект. Ім трэба выходзіць у гэтую частку планеты, дзе ў іх няма пазіцый. Мы даем такую магчымасць».

Такім чынам, Парк плануецца выкарыстаць на поўную катушку як ідэальнае для Кітайскай Народнай Рэспублікі месца ў самым цэнтры Еўропы для вырабу і зборкі кітайскай прадукцыі з кітайскіх жа матэрыялаў і камплектавальнікаў перад іх пастаўкай у Еўропу і СНД. Прычым гаворка ідзе як пра кітайскія брэнды, так і пра заходнія.

Парк павінен зрабіць таннейшымі кітайскія тавары і спрасціць іх дастаўку ў Еўропу, бо кошт працоўнай сілы ў Кітаі імкліва расце і амаль дасягнуў беларускага, а хутка яго перавысіць.

З боку Кітая стварэнне Парку ў якасці плацдарма для экспансіі ў Еўропу, безумоўна, дальнабачнае, добра пралічанае рашэнне — і з эканамічнага, і з палітычнага пункту гледжання. Малайцы!

Што ж, да ролі гіганцкага зборачнага цэха Беларусі з савецкіх часоў не прывыкаць. Паспяховы запуск Парку зможа забяспечыць працай насельніцтва найбліжэйшых населеных пунктаў і прывесці да міграцыі працоўнай сілы з іншых раёнаў Беларусі, асабліва адтуль, дзе прадпрыемствы ідуць на дно, што вырашыць і сацыяльныя праблемы, звязаныя з закрыццём нерэнтабельных прадпрыемстваў. Хай нават высокімі іх зарплаты не будуць праз канкурэнцыю з коштам працоўнай сілы ў самім Кітаі.

Аднак калі паглядзець з канцэптуальнага пункту гледжання, у постіндустрыяльным XXI стагоддзі Парк працягвае традыцыі індустрыялізацыі XIX—XX стагоддзяў і з пункту гледжання стратэгіі канкурэнтаздольнасці Беларусі з'яўляецца крокам убок. Беларусь ужо прайшла індустрыяльны этап і цяпер з дапамогай індустрыі інфармацыйных тэхналогій прарываецца ў постіндустрыяльную эпоху. Таму будучае вяртанне на індустрыяльныя рэйкі для нашай краіны выглядае рэгрэсам.

Акрамя таго, варта прааналізаваць аддаленыя наступствы дзейнасці Парку.

Экалогія

Крытыка грамадскасці засяродзілася на папулісцкіх пратэстах. Грамадскасць палохаюць магчымым зносам дач і 600 тысячамі кітайцаў, хоць з зацверджанага плана забудовы відавочна, што жылая забудова па тэрыторыі займае невялікую частку Парку. Усё гэта бура ў шклянцы вады, таму што ёсць нашмат больш рэальныя небяспекі.

Так, сярод навукоўцаў дасягнуты кансэнсус аб тым, што цяперашняе глабальнае пацяпленне выкліканае буйной прамысловай вытворчасцю. Хутка мы ва ўмераных шыротах зусім пазбавімся зімы.

Не сакрэт, аднак, што значная частка прамысловасці на планеце Зямля засяроджаная ў трох краінах: ЗША, Кітаі і Расіі, пералічаных па змяншэнні ступені шкоднасці выкідаў. Тым, хто быў у Кітаі, выдатна знаёмы смог над вялікімі гарадамі. Таму нам трэба будзе наладзіць пільны кантроль над дзейнасцю Парку, каб над нашым аэрапортам і асабліва сталіцай не з'явіўся смог.

Глабалізацыя

Да гэтага часу ў параўнанні з іншымі краінамі свету Беларусь захавала адносную монаэтнічнасць. У нас у гэтым плане не Захад і нават не Расія. У нашай краіне жыве і бывае адносна мала замежнікаў, бо ім у нас да гэтага часу было няма чаго рабіць.

Са з'яўленнем Парку этнічная аднастайнасць беларускага грамадства будзе парушаная.

Цікава, ці захочуць замежнікі прымаць на працу беларусаў, што звычайна не гавораць нават па-ангельску, не кажучы ўжо пра больш рэдкія мовы? Хутчэй за ўсё, ім будзе зручней наймаць спецыялістаў, з якімі можна мець зносіны без перакладчыка. Акрамя таго, сённяшнія вытворчасці аўтаматызаваныя і рабатызаваныя, для людзей застаецца ўсё менш ручной працы. Уяўляецца, што вярхушка тыповага завода, у тым ліку кіраўніцтва і інжынерна-тэхнічны персанал, будзе складацца з некалькіх дзясяткаў, максімум сотняў замежнікаў, у той час як на працоўных пасадах будуць пераважна беларусы, у адваротным выпадку сабекошт вытворчасці будзе занадта высокі.

Асабіста я ўпэўнены, што любая глабалізацыя пойдзе Беларусі на карысць. Яна прывядзе да лячэння ад местачковых комплексаў, лепшага разумення светабудовы і з'яўлення здаровай канкурэнцыі.

Зрэшты, ці падзяляе такі пункт гледжання большасць нашых суграмадзян? Цікавае іх стаўленне да канкурэнцыі з замежнікамі ў конкурсах на заняцце вакансій кіраўнікоў і спецыялістаў. Ці падумае беларус, што яму адмовілі ў прыёме на працу праз паходжанне, і ці запатрабуе прывілеяў для сябе? А бойка работнікаў з розных краін будзе лічыцца звычайнай «бытавухай»? Або пагалоска і СМІ яе раздзьмуць да маштабу міжнацыянальнага канфлікту?

Канкурэнцыя

Відавочна, вырабленая ў Парку прадукцыя ў выніку ўсё роўна будзе трапляць у Беларусь, калі нават ёй для гэтага давядзецца прарабіць шлях праз мяжу. А значыць, яна нават пасля мытнай ачысткі будзе канкураваць з беларускай, што выкліча масавую незадаволенасць кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў усіх формаў уласнасці. І калі скаргі прыватнікаў на нядобрасумленную канкурэнцыю наша ўлада заўсёды ігнаравала, то дзяржаўнае прамысловае лобі без увагі і падтрымкі не пакіне.

Але як падтрымаць айчынныя прадпрыемствы? Адной рукой развіваць Парк, а другой забараняць з яго рээкспарт?

Прадукцыя Парку прынясе шмат клопатаў краінам Мытнага саюза. Напрыклад, цяжка ўявіць, што расійскі аўтапрам, праз які беларусы ўжо трэці год пераплачваюць некалькі тысяч даляраў за кожны імпартны аўтамабіль, пацерпіць у сябе прадукцыю кітайскага аўтагіганта Great Wall, які плануе перанесці ў Парк вытворчасць кітайскіх аўто. Такой жа «натхняльнай» для эканомік сумежных дзяржаваў выглядае магчымая міграцыя вытворчасцяў з іх тэрыторыі ў Беларусь у пагоні іх уладальнікаў за падатковымі льготамі.

Аднак небяспека чакае не толькі з усходу.

Са свайго боку, ЕС можа папросту перакрыць каналы імпарту для ўсёй беларускай прадукцыі, ахоўваючы свой рынак ад патаннелых кітайскіх тавараў, якія прадаюцца пад маркай як кітайскіх, так і беларускіх. Прычым для забеспячэння эканамічных інтарэсаў акрамя антыдэмпінгавага заканадаўства могуць выкарыстоўвацца санкцыі.

Фінансаванне

Такім чынам, у выніку рэалізацыі праекта кітайска-беларускага індустрыяльнага парку, з прычыны беспрэцэдэнтных ільгот у найбліжэйшае дзесяцігоддзе не атрымліваючы даходаў у бюджэт, мы рызыкуем узамен атрымаць праблемы экалогіі, дэмаграфіі, эканомікі і нажыць моцных ворагаў.

Нарэшце, пікантная дэталь: Парк для нас — зусім не падарунак.

У п.2.4 згаданага прэзідэнцкага ўказа аб стварэнні Парку чытаем: «Доля беларускага боку ў статутным фондзе сумеснай кампаніі складае 40 працэнтаў, яе статутны фонд фармуецца за кошт грашовых укладаў у замежнай валюце, унесеных заснавальнікамі сумеснай кампаніі». Нагадваю, што Парк — сумеснае стварэнне абедзвюх дзяржаваў.

Узнікае натуральнае пытанне: за чый кошт банкет?

Адказ змяшчаецца ў словах прэзідэнта на той жа нарадзе 14 лютага: «Калі вы хочаце чарговы праект, палову як мінімум павесіць на бюджэт, у мяне такіх грошай няма… Гэта павінен быць выключна камерцыйны праект… Калі кітайцы камусьці давалі крэдыт пад 2,5-3%, то пад 5-6% мы крэдыты браць у іх не будзем». Што гэта, калі не намёк-просьба кітайскім таварышам даць нізкапрацэнтны крэдыт для фінансавання долі Рэспублікі Беларусь у статутным фондзе сумеснай кампаніі? Што ж, калі нам не ўдаецца шматвектарнасць у палітыцы, то ў крэдытаванні яна развіваецца даволі паспяхова.

Усё гэта не значыць, што Парк непатрэбны.

На фоне стагнацыі нашай эканомікі Парк можа аказацца выспай дабрабыту. Аднак важна цвяроза разумець яго магчымасці і абмежаванні і старанна кантраляваць яго развіццё з улікам апісаных вышэй рызык. А галоўнае — не мець ілюзіяў аб яго фантастычнай выгадзе і стратэгічнай значнасці для развіцця эканомікі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?