Вядомы расійскі пісьменнік жорстка раскрытыкаваў улады сваёй краіны за ўварванне ва Украіну.

Пра гэта Барыс Акунін напісаў у сваім акаўнце ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук».

«Я цяпер думаю не пра Украіну. Гэта значыць, і пра Ўкраіну, вядома, таксама, але гэта ўрэшце рэшт хоць і роднасная, але іншая краіна, у якой свой шлях. Я жадаю гэтай краіне ўсяго самага лепшага. Яна даказала мужнасцю і крывёй, што яна — Краіна. Думаю, усё ў яе будзе добра і без Крыма.

Захад не пасквапіцца на дапамогу, каб зрабіць Украіну вітрынай дэмакратычных каштоўнасцяў. Крымчане, напэўна, яшчэ горка пашкадуюць, што аддзяліліся»,

— піша Акунін.

Паводле яго слоў, значна больш яго зараз займае будучыня ўласнай краіны, Расіі, і яна «выглядае змрочна».

«Я хачу спытаць тых суайчыннікаў, хто бурна радуецца будучаму, загадзя прадвызначанаму далучэнню Крыма (а такіх, здаецца, большасць): паважаная большасць, ты хоць разумееш, у што нам усім абыдзецца гэты трафей? Не?

У выніку таго, што Расея ўвяла на тэрыторыю іншай дзяржавы свае ўзброеныя часці, адбудзецца наступнае:

— Расія апынецца спачатку ў палітычнай ізаляцыі, а затым і ў эканамічнай. Грошы сплывуць за мяжу, інвестыцый не будзе, а нашаму газу і нашай нафце свет хутка знойдзе замену, так што паліўныя звышпрыбыткі скончацца.

— Усё гэта разам з немінучым скокам ваенных выдаткаў пацягне за сабой спад эканомікі і падзенне рубля, а затым, верагодна, і адмену яго канвертавальнасці. Так што з Анталіяй, Егіптам і Тайландам прыйдзецца развітацца.

— Рэзка падаражэюць імпартныя тавары, а многія проста знікнуць.

— Валютных запасаў хопіць ненадоўга. Каб было чым плаціць заробкі і пенсіі, урад уключыць друкавальны станок. Гэта прывядзе да інфляцыі і яшчэ большага росту коштаў. А потым плаціць бюджэтнікам усё роўна не стане чым. І дзяржава стане банкрутам.

—Для таго, каб гасіць незадаволенасць, што будзе ўзрастаць, рэжыму давядзецца паводзіць сябе ўсё больш жорстка, усё больш беззаконна, Інтэрнэт будзе спакладаны і цэнзураваны; пра звычайныя СМІ няма чаго і казаць. Колькасць палітвязняў будзе ўвесь час павялічвацца, і ў гэтую катэгорыю пачнуць трапляць людзі, далёкія ад палітыкі. Любы пратэст будзе карацца», — піша ён.

«Так, дзякуючы крымскай авантуры Пуцін забяспечыў сабе пажыццёвую ўладу. Прысудзіў сябе да яе. Зараз ён проста пабаіцца сыходзіць у адстаўку. Але толькі пажыццёвасць гэтая наўрад ці акажацца доўгай. І скончыцца яна вядома чым.

Калі няма легальнага механізму змены збанкрутаванага рэжыму, уключаюцца механізмы рэвалюцыйныя. А рэвалюцыя ў шматнацыянальнай краіне, якая да таго ж валодае ядзернай зброяй, гэта вельмі страшна.

Я не палохаю і не каркаю. На жаль, усё гэта не проста вельмі верагодна, а практычна непазбежна. Хіба што адбудзецца цуд. Адным словам, з будучыным далучэннем Крыма цябе, бедная радасная большасць», — заключае Барыс Акунін.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?