«Змена ўлады ў Кіеве, якая мае прыкметы дзяржаўнага перавароту, Захад цалкам задаволіла. А вось рэферэндум у Крыме чамусьці называюць нелегітімным», — гэта ключавы тэзіс расійскай прапаганды падхапіў лукашэнкаўскі тэлеканал СТВ. У сваім рэпартажы з Крыма мінскі тэлеканал дае слова дзясятку прыхільнікаў раздзела Украіны. І ніводнаму крытыку гэтай ідэі.

У рэчышчы маскоўскай прапаганды, СТВ называе ўлады Украіны «карычневымі» і паўтарае выдумку аб тым, што «за ўжыванне рускай мовы будзе крымінальная адказнасць». Пры гэтым журналісты не згадваюць, што і в.а. прэзідэнта Украіны Турчынаў, і міністр унутраных спраў Авакаў — рускамоўныя.

«Чым канкрэтна займаемся? Не дапускаем «карычневую» чуму, каб яна прарвалася ў будынак Рады. Каб людзі спакойна прынялі свой выбар, з кім быць Крыму і як далей Крыму жыць», — гаворыць у эфіры СТВ баявік, што ахоўвае будынак Вярхоўнай Рады Крыма.

«Нам загадалі ў 10-дзённы тэрмін знішчыць сваю памяць. І літаральна на наступны, або праз дзень, партыя «Свабода» ў парламенце заяўляе: «За ўжыванне рускай мовы мы будзем прыцягваць вас да крымінальнай адказнасці», — гаворыцца ў рэпартажы.

СТВ таксама лічыць перадачу Крыма Украіне незаконнай: «Крымская вобласць была перададзена ў склад УкрССР, нягледзячы на тое, што ў савецкай канстытуцыі не было ні адзінай агаворкі, якая б дазваляла саюзным рэспублікам законна перадаваць тэрыторыі адзін аднаму».

Па такой логіцы, перадача Віцебска, Магілёва і Гомеля ў склад БССР таксама была незаконнай? Нагадаем, што гэтыя населеныя этнічнымі беларусамі раёны перайшлі са склада РСФСР у БССР у 1924-м і 1926-м. Пры жаданні ў тым акце таксама можна шукаць парушэнні працэдуры.

Калі пачаць дзяліць краіны па праве моцнага, далёка можна зайсці.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?