Расійска-ўкраінскі крызіс прымусіў урад Польшчы неадкладна заняцца распрацоўкай законапраектаў, якія рэгулююць здабычу сланцавага газу ў краіне.

Праекты зменаў ў законах аб геалогіі, выкідах парніковых газаў і законе аб распрацоўцы нетраў, павінны стварыць сістэму, максімальна спрыяльную для шырокай здабычы газу. Пакетам законаў занялася сёння Рада міністраў краіны.

Новыя законы будуць рэгуляваць пытанні пошуку і дазволу на здабычу газу, а таксама падаткаў. Дзякуючы новаўвядзенням праводзіць пошукавыя працы і здабываць газ на тэрыторыі Польшчы змогуць адначасова шмат фірмаў. Раней законы прадугледжвалі, што працамі па здабычы газу маглі займацца толькі некалькі выбраных дзяржавай фірмаў. Менавіта гэта стрымлівала замежных інвестараў ад ўваходу на польскі рынак.

Згодна з новымі правіламі, якія хоча прыняць урад, атрымаць дазвол на здабычу газу ў Польшчы будзе значна прасцей. Геафізічныя даследаванні можна будзе праводзіць у заяўляльным парадку. Будуць таксама ўведзеныя аўкцыёны на атрыманне канцэсій для кампаній, якія прайшлі адбор. Урад хоча максімальна спрасціць працэс здабычы сланцавага газу і не ствараць новых кантрольных органаў. Кантрольныя функцыі будуць ускладзеныя на ўжо існуючыя дзяржаўныя структуры.

Амэрыканскае агенцтва энэргетычнай інфармацыі ацаніла запасы сланцавага газу ў Польшчы ў 5 трыльёнаў кубаметраў. Польскі геалагічны інстытут нядаўна прадставіў лічбу ў 10 разоў меншую.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?