Ініцыяванае Украінай нечарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў (СМЗС) СНД у Кіеве 12 сакавіка не адбудзецца. Такое рашэнне прынята сёння ў Мінску па выніках пасяджэння Савета пастаянных паўнамоцных прадстаўнікоў дзяржаў СНД пры статутных і іншых органах Садружнасці. Украінскі бок расцэньвае гэта як «фактычнае самаўхіленне СНД ад вырашэння і нават абмеркавання сітуацыі ва Украіне і ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым».Пасяджэнне праходзіла ў Выканкаме СНД у закрытым фармаце. Як паведаміла пастаяннае прадстаўніцтва Украіны пры каардынацыйных інстытутах СНД, у ім узялі ўдзел пастаянныя прадстаўнікі ўсіх краін Садружнасці апрача Туркменістана і Узбекістана, а таксама кіраўніцтва Выканкама СНД. На парадку дня сустрэчы было толькі адно пытанне — «Аб тэрмінах правядзення і матэрыялах парадку дня ініцыяванага Украінай нечарговага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД».

«Падчас пасяджэння пастаянныя прадстаўнікі большасці дзяржаў — удзельніц СНД абвясцілі пазіцыю сваіх дзяржаў, якая заключаецца ў тым, што правядзенне нечарговага пасяджэння СМЗС у Кіеве 12 сакавіка г.г. не ўяўляецца магчымым у сувязі з неабходнасцю дапрацоўкі прапанаванага для разгляду пытання, што тычыцца наяўнай сітуацыі ў асобных рэгіёнах Украіны, у прыватнасці ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым, і прыняцці адпаведнай заявы СМЗС», — гаворыцца ў паведамленні ўкраінскага пастаяннага прадстаўніцтва.

«З-за адсутнасці згоды дзяржаў — удзельніц СНД на правядзенне ініцыяванага Украінай нечарговага пасяджэння Савета міністраў замежных спраў СНД 12 сакавіка 2014 года ў горадзе Кіеве, абмеркаванне прадстаўленых Украінай матэрыялаў да згаданага пасяджэння не ўяўляецца магчымым», — паведамляе пастаяннае прадстаўніцтва.

Пры гэтым у паведамленні падкрэсліваецца, што Украіна, як дзяржава, якая старшынствуе ў СНД у 2014 годзе, «у адпаведнасці з дзейнымі правіламі працэдуры Савета кіраўнікоў дзяржаў, Савета кіраўнікоў урадаў, Савета міністраў замежных спраў і Эканамічнага савета СНД, мае поўнае права склікаць нечарговае пасяджэнне СМЗС».

«Штучнае зацягванне тэрмінаў правядзення такога пасяджэння толькі параджае атмасферу ўзаемнага недаверу і тым самым змяншае аўтарытэт СНД», — заяўляе пастаяннае прадстаўніцтва Украіны пры каардынацыйных інстытутах СНД.

Нагадаем, правядзенне нечарговага пасяджэння СМЗС СНД Украіна ініцыявала ў сувязі з падзеямі ў Крыме. Першапачаткова яго прапаноўвалася правесці ў Кіеве 7 сакавіка, але шэраг краін СНД, у тым ліку Беларусь, выказаліся за перанос сустрэчы на больш позні тэрмін. У прыватнасці, як заявіў у канцы мінулага тыдня прэс-сакратар беларускага МЗС Дзмітрый Мірончык, прынцыпова Мінск не пярэчыць супраць правядзення нечарговага пасяджэння СМЗС, аднак лічыць неабходным правесці папярэднія кансультацыі для ўзгаднення праектаў дакументаў, што выносяцца на абмеркаванне міністраў. З улікам такіх меркаванняў украінскі бок прапанаваў правесці нечарговае пасяджэнне СМЗС у Кіеве 12 сакавіка.

Чарговае пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў краін Садружнасці запланавана на 4 красавіка і павінна прайсці ў Маскве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?