Вярхоўная рада Украіны заклікала крымчан не браць удзелу ў рэферэндуме. Пра гэта гаворыцца ў заяве, якую 11 сакавіка прыняла ВР у сувязі з агульнакрымскім рэферэндумам, які мае адбыцца 16 сакавіка.

У заяве нагадваецца, што 6 сакавіка Вярхоўным саветам Аўтаномнай Рэспублікі Крым прынята рашэнне аб уваходзе АРК у склад Расійскай Федэрацыі і правядзенні 16 сакавіка агульнакрымскага рэферэндуму на гэтай падставе.

У сувязі з гэтым Вярхоўная рада Украіны канстатуе, што адзначанае рашэнне крымскага парламента супярэчыць палажэнням Канстытуцыі Украіны. Зазначаецца, што зварот ВР Крыма да прэзідэнта Расіі і Федэральнага сходу Расійскай Федэрацыі аб прыняцці АРК у склад Расіі супярэчыць артыкулам 134 і 138 Канстытуцыі Украіны, у адпаведнасці з якімі Вярхоўны савет АРК не надзелены паўнамоцтвамі ажыццяўляць знешнепалітычныя адносіны.

Вярхоўная рада Украіны патрабуе ад Вярхоўнага савета Крыма неадкладна перагледзець сваё рашэнне ад 6 сакавіка і прывесці яго ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Украіны і Канстытуцыяй Аўтаномнай Рэспублікі Крым.

У выпадку, калі адзначанае рашэнне да 12 сакавіка не будзе прыведзена Вярхоўным саветам Крыма ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Украіны і Канстытуцыяй АРК, у Вярхоўнай радзе Украіны будзе ініцыявана пытанне аб датэрміновым спыненні паўнамоцтваў ВС Крыма, падкрэсліваецца ў заяве.

Вярхоўная рада Украіны лічыць мэтазгодным звярнуцца ў Венецыянскую камісію Савета Еўропы наконт рашэння Вярхоўнага савета Аўтаномнай Рэспублікі Крым аб правядзенні 16 сакавіка 2014 года так званага агульнакрымскага рэферэндуму.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?