У інтэрв'ю «Радыё Свабода» яна заявіла, што часам баіцца абмяркоўваць украінскі крызіс з сябрамі, каб не пасварыцца і не «застацца ворагамі на ўсё жыццё».

«Людзі вельмі ярасна ўспрымаюць і той, і іншы бок. Нас Севастопаль раскалоў. Мы, акцёры, — для нас гэта як бы адна прастора — Украіна і Расія, Крым. І я там правяла столькі спектакляў, і ў Львове была, і адпачывала ў Трускаўцы, і ў Севастопалі была. Я цяпер, вядома, не буду аддавацца ўспамінам, але я шмат была там і ў час перабудовы, і да таго, і потым. Я нарадзілася ва Украіне, праўда, да года, нават менш, жыла там. Але ўсё роўна Украіна — гэта такая ж мая Радзіма, як Расія! І для большасці акцёраў у той жа ступені і тая дарагая зямля, і гэтая», — лічыць Ахеджакава.

На пытанне, ці не баіцца яна адказнасці за подпіс пад зваротам найвядомейшых расійскіх кінематаграфістаў супраць агрэсіі Расіі, актрыса адказала, што будзе падтрымліваць Украіну да канца.

«Няхай абражаюць, хай кідаюць у мяне камяні, але я асабіста Украіне не здраджу! Ні пад якім выглядам, нават калі мяне будуць так жорстка абражаць і зневажаць», — падкрэсліла яна.

Разам з тым, Ахеджакава лічыць, што лісты да ўрада РФ малаэфектыўныя.

«Мы ў свой час пісалі Пуціну — і вядома, больш ніколі пісаць не будзем — дайце магчымасць забраць дзяцей-інвалідаў, якіх ужо практычна ўсынавілі амерыканцы. Падпісалі я, Чулпан Хаматава, Жэня Міронаў, і іншыя людзі, да якіх я б прыслухалася. Не, ніхто не чуе! І не далі. Ужо былі аперацыі падрыхтаваныя, заплачаныя грошы, каб гэтым інвалідам-дзеткам дапамагчы, але ніхто нас не чуў. Ніхто! А ў Думы са слыхам наогул катастрофа! Яны пазбаўленыя слыху і яшчэ такіх-сякіх рэцэптараў», — адзначыла актрыса.

Лія Ахеджакава расказала, што яе пераследуе пачуццё таго, што Расія скочваецца назад да СССР.

«Мне здаецца, мы скаціліся ўжо да таго перыяду Савецкага Саюза, калі я была маленькім дзіцем і нічога не разумела. Я толькі ўжо потым постфактум даведвалася пра страшныя рэчы, якія рабіліся. Мне здаецца, мы ніжэй скаціліся, чым у тыя часы, калі я была свядомым чалавекам і разумела, што ў лагерах гніюць найлепшыя людзі, забітыя пісьменнікі, артысты, рэжысёры і проста сумленныя людзі. Мы пра гэта даведваліся і рабіліся ворагамі рэжыму, прычым таемнымі. Бо нельга было нічога сказаць. Трэба было Салжаніцына прачытаць пад падушкай за адну ноч і перадаць таварышу. І цяпер наступілі часы, калі трэба маўчаць, калі зноў на сцэнах тэатраў з'явіліся тэксты, што камуфлююць апазіцыйныя сэнсы, зноў метафары і іншасказанні, якія сустракаюць і апладысменты ў зале, і дэманстратыўны сыход з залы баязліўцаў», — сказала Ахеджакава.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?