Аднойчы ранкам, як звычайна, паснедаўшы, я накіраваўся на працу, на свой родны завод. На ліфце не езджу. Пакуль ногі трымаюць, трэба імі карыстацца як мага болей. Хадзьба — гэта ж жыццё. Таму я заўсёды збягаў па лесвіцы як школьнік — з прыскокам.

І раптам на пляцоўцы другога паверха бачу: стаіць пры расчыненых дзвярах сваёй кватэры бабулька.

Яны з дзедам пасяліліся ў гэтай двухпакаёўцы, хоць і дня не працавалі на заводзе. Гэтых старых ніхто з нашых не ведаў. І яны ніколі ні з кім не заводзілі знаёмства, не віталіся, на вуліцу выходзілі толькі разам, глядзелі на ўсіх неяк насцярожана, ваўкавата.

Падобна было да таго, што бабка ўжо крыху не пры сваім розуме.

— Иди сюда. Иди сюда! Посади его! — паказвае рукой на расчыненыя дзверы. І, каб пераканаць, дадае: — Я тебе денег дам.

Бабка вядзе мяне ў пакой, паказвае на ложак і кажа:

— Сделай, чтоб он сидел. Посади его!

У ложку ляжаў мёртвы стары. Як мне падалося са стану яго твару і смуроду ў памяшканні, памёр ён ужо даўно, 3-4 дні таму. Я падышоў бліжэй да ложка і тут заўважыў, што з-пад падушкі тырчыць рукаятка пісталета. Не, думаю, нічога чапаць тут не трэба.

— Зараз, — кажу я бабцы, — я збегаю па дапамогу.

Пабег я да сябе, патэлефанаваў у «хуткую»…

Праз якіясьці пару дзён у абласной газеце, у адзін дзень з важным паведамленнем — таварышу Леаніду Іллічу Брэжневу ўручылі Залаты значок за 50 гадоў знахо-джання ў КПСС — на апошняй старонцы я ўбачыў вялікі некралог, падпісаны высокім абласным чынавенствам. Памёр пачэсны чэкіст С-кі Васіль Нічыпаравіч.

«Гэта ж трэба! — падумаў я. — Прозвішча і імя такое ж, якія былі ў майго першага настаўніка».

І я прыпомніў часы майго вясковага пасляваеннага дзяцінства. Напрыканцы 40-х гадоў у нашых палескіх мясцінах было яшчэ вельмі неспакойна. З вайны засталося шмат зброі. Людзі трымалі гэтую зброю ў схованках, нягледзячы на катэгарычны загад уладаў здаць яе. Многім не падабалася ні савецкае вызваленне іх ад панскай Польшчы ў 1939 годзе, ні нямецкае вызваленне ад савецкага ў 1941 годзе. Яны баяліся безуладдзя і хацелі быць абароненымі.

Пры першых саветах, як цяпер кажуць, арыштавалі і вывезлі некуды з вёскі сем’і самых паважаных, працавітых і заможных сялян. А да ўлады паставілі гультаёў і п’яніц. Памятаю яшчэ аднаго з іх. Пасля вайны ён быў прызначаны брыгадзірам. Мая маці казала, што ў яго ніколі не было не толькі каня, але нават і воза.

З прыходам немцаў пакрыўджаныя савецкай уладай ці іхняя радня пачалі помсціць, выдаваць гэтае савецкае «начальства» паліцыі. Частку з іх пастралялі, а частка сышла ў лясы. І пры немцах, і асабліва з іх адыходам гэтыя лясныя «змагары» помсцілі ў сваю чаргу тым, хто іх выдаваў. Усё гэта вельмі нагадвала грамадзянскую вайну.

Але ў нашай вёсцы ў канцы саракавых — на пачатку пяцідзясятых ужо было спакойна. Ні арганізаванай барацьбы супраць савецкай улады, ні змагароў-адзіночак.

У 1949 годзе ў нас быў створаны калгас. Большасць калектывізавацца не хацела. Людзі не ведалі, што гэта такое — калектыўная праца, бо ведалі, што і бацькі, і дзяды, і яны самі заўжды працавалі на сябе і яшчэ на пана і на ўладу. Але жылі заўжды са сваёй зямліцы. Людзей прымусам заганялі ў калгас. Забралі большасць скаціны, усіх коней з вазамі. Працавалі людзі ў калгасе дрэнна. А калі атрымалі пасля першага года працы зерне як аплату, то таго зерня было столькі, што і курэй пракарміць не хапала. Пасля другога працоўнага года і да 60-х, калі пагналі па трубаправодах на Захад нафту, у калгасе за працу наогул нічога не плацілі. Жылі сем’і тым, што пасля працоўнага дня на калгасных палетках і кароўніках завіхаліся яшчэ на сваіх 30 сотках, дзе ўраджаі былі значна большыя, чым у калгасе. І кароўкі ўласныя давалі малако. А калгасныя ад голаду не маглі стаяць на нагах, іх падвязвалі да бэлек і крокваў вяроўкамі. Паблізу калгасных кароўнікаў напрыканцы зімы я стараўся не хадзіць, бо адтуль звычайна чуўся жудасны і роспачны роў галоднай скаціны.

А не хадзіць на працу ў калгас было нельга, бо ў такім выпадку, згодна з савецкім законам, прысядзібны ўчастак, як тады казалі, «абразалі па вуглы хаты», да 5 сотак. З яго пракарміць сям’ю было немагчыма. Так і жылі з таго, што давалі прысядзібныя 30 сотак, і з таго, што ўдавалася ўкрасці ў калгасе.

У 1950 годзе я пайшоў у першы клас пачатковай сельскай школы. Мы навучаліся ў старэнькай хаціне, дзе бабулька-гаспадыня жыла ў куханьцы, а ў пакойчыку стаялі школьныя парты, столік для настаўніка ды школьная дошка. Тую прыгожую школу, якую вяскоўцы пабудавалі ў польскія часы, партызаны спалілі.

Новы настаўнік быў немалады лысаваты дзядзька гадоў пад пяцьдзясят, рыжавусы і вельмі-вельмі строгі. Дзяцей караў. Біў лінейкай па руках, па галовах. Некаторыя бацькі на яго нават скардзіліся ў сельсавет. Як я цяпер разумею, магчыма, ён спецыяльна правакаваў людзей на выказванне незадаволенасці.

Мяне, выдатніка, аднойчы за нейкую дробязь паставіў у кут на калені. А перад тым, як звычайна ў такіх выпадках, запусціў правую руку ў кішэню і высыпаў на месца майго пакарання жменю грэчкі. Потым няспешна закасаў калашыны маіх нагавіцаў вышэй за калені. Худым дзіцячым каленям стаяць на колкім зерні было балюча. Я плакаў. Больш ад крыўды, чым ад болю.

Скончылі мы першы клас, і настаўніка нашага перавялі ў нейкае іншае месца, бо ў нашай вёсцы яго больш ніколі не бачылі. Але ў мяне і цяпер ёсць фотаздымак нашага першага класа, на якім я пачэсна сяджу побач з маім Першым Настаўнікам.

Прайшло шмат часу. Як і мае браты і сёстры, я даўно з'ехаў з галоднай калгаснай вёскі. Мой бацька адправіў сыноў у тэхнікумы, каб атрымалі надзейную прафесію, а дочкі паехалі па будоўлях вялікай хіміі. І хоць існаванне ў тэхнікумаўскім інтэрнаце было напаўгалоднае, а навучанне — напружаным, гэты час сталення быў цікавым і шчаслівым.

Прайшло шмат часу. Пасля тэхнікума я працаваў па размеркаванні на Крайняй Поўначы. Потым адбываў тэрміновую ваенную службу на флоце. А затым, у 60-70-х гадах, я, як і ўсе мае браты і сёстры, вярнуўся ў Беларусь, на роднае Палессе. Жыў цяпер у вялікім горадзе. Працаваў на заводзе і пра часіны вясковага дзяцінства ўспамінаў рэдка.

І вось гэты некралог у газеце прымусіў мяне ўспомніць тыя пасляваенныя гады. Я жахнуўся. Толькі цяпер я пазнаў па фотаздымку ў некралогу, што гэты маўклівы сусед з другога паверха і быў маім першым настаўнікам. «Дык вось яно што!» — стрэльнула думка. Дык вось кім быў мой Першы Настаўнік!

І раптоўна зразумеў: гэта яго брудных рук была справа, калі ў год яго настаўніцтва ў вёсцы арыштавалі трох маладых дзяўчат. Адной з іх споўнілася ўсяго васямнаццаць.

Усіх засудзілі на 25 гадоў пазбаўлення волі. Усяго ў сяле тады арыштавалі 18 чалавек.

Некаторых расстралялі, іншыя атрымалі ад 7 да 25 гадоў. Праз некалькі гадоў, пасля смерці Сталіна, іх усіх рэабілітавалі, але дамоў вярнулася толькі адна з іх. Лёс астатніх мне невядомы.

У пасляваенныя гады савецкая ўлада засылала ў наш край агентаў КДБ пад выглядам настаўнікаў, працаўнікоў культуры, крамароў, нават бацюшак, і яны непрыкметна тварылі тут свае чорныя справы. Яны выконвалі заданні па пастаўцы людзей у ГУЛАГ. Трэба было паставіць людзей на будоўлі савецкага ваенна-прамысловага комплексу. Трэба было так узброіць краіну, каб увесь свет нас баяўся. Плаціць вялікія грошы, каб людзі пайшлі на гэтую працу ў вельмі цяжкіх умовах добраахвотна, не маглі, бо грошай у казне не было. Таму патрэбных лю-дзей абвінавачвалі, пазбаўлялі волі і адпраўлялі ў ГУЛАГ. І вось тыя пачвары, якія ўсё гэта ў маіх родных мясцінах тварылі, аказваецца, засталіся ў гісторыі Пачэснымі Дзеячамі. І колькі іх, непазнаных, нявыкрытых, не асуджаных за злачынствы, жыло, а можа, і цяпер жыве паміж намі? Колькі невінаватых людзей пасадзіў за сваё жыццё гэты чэкіст?

І вось такая яго смерць, з пісталетам пад падушкай… І гучаць у вушах словы яго старой:

Віктар Губарэвіч — Ураджэнец вёскі Вулька Сыманаўская Драгічынскага раёна. Жыве ў Брэсце. Ён дзядзька Юрыя Губарэвіча, намесніка старшыні Руху «За Свабоду», і Ігара Губарэвіча, актывіста Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Гэтае эсэ апавядае пра рэальны эпізод. На Берасцейшчыне і Піншчыне ў 1943—1952 гадах актыўна дзейнічала Украінская паўстанцкая армія. У 1951 годзе за дапамогу антысавецкім партызанам у Вульцы Сыманаўскай было арыштавана 18, а ў суседніх Сыманавічах — 11 чалавек. Віна гэтых людзей заключалася ў тым, што яны пускалі партызанаў нанач.

* * *

Сярод арыштаваных былі

(прыводзяцца або прозвішчы, або мясцовыя «прозвіскі», гэта значыць мянушкі, па памяці відавочцаў)

Калюціч (прозвіска Балахтаёва) Марыя (Калюціча Нічыпара, мужа Марыі, не судзілі, яго забілі)
Іх сын Калюціч Віктар Нічыпаравіч
Снітка Васыль
Снітка (Сніткова) Мар’я
Снітка (Сніткова) Анюта
Снітка (Сніткова) Насця
Снітка (Сніткова) Ніна
Брыч (прозвіска Котэль), ён і жонка
Чапко, з жонкай і дзве дачкі
Сакалоўскі (-ая), ён і жонка (прозвіска Грыць — актыўны ўдзельнік падзей, некуды з’ехаў па вызваленні)
Елец (прозвіска Стракова) Прузына
Сахашчык (прозвіска Кундылёва) Савета
Сахашчык (Кундылёва) Алэня
Воўк (Актыўны ўдзельнік падзей, некуды з'ехаў. Яго вызвалілі ў 1956 годзе, але не дазволілі вярнуцца ў Беларусь. Ён пасяліўся ў Стаўраполлі і забраў туды ўсю сям’ю.)

У кнізе «Памяць. Драгічынскі раён» у спісе рэпрэсаваных і рэабілітаваных узгадваюцца толькі: 

Сакалоўская Вольга Васільеўна, 1932 г.н., засуджана 3 лютага 1951 г. на 25 гадоў турмы. Вызвалена 17 мая 1954 г. Рэабілітавана 22 чэрвеня 1977 г.
Снітко Наста Васільеўна, 1927 г.н., засуджана 3 лютага 1951 г. на 7 гадоў працоўных лагераў. Вызвалена 26 мая 1954 г. Рэабілітавана 22 чэрвеня 1977 г
Лясюк Ганна Васільеўна, 1922 г.н., засуджана 3 лютага 1951 г. Вызвалена 13 мая 1954 г. Рэабілітавана 22 чэрвеня 1977 г.
Снітко Ніна Васільеўна, 1932 г.н., засуджана 3 лютага 1951 г. на 25 гадоў турмы. Вызвалена ў 1954 г. Рэабілітавана 22 чэрвеня 1977 г.
Брыч Аляксандр Паўлавіч, 1904 г.н., засуджаны 3 лютага 1951 г. на 25 гадоў турмы. Вызвалены 26 красавіка 1956 г. Рэабілітаваны 22 чэрвеня 1977 г
Кананчук Васіль Анупрыявіч, 1906 г.н., засуджаны 3 лютага 1951 г. на 25 гадоў турмы. Вызвалены 15 жніўня 1956 г. Рэбілітаваны 22 чэрвеня 1977 г. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?