Следчы камітэт Беларусі завяршыў папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе ў дачыненні да намесніка старшыні дзяржканцэрна «Белнафтахім» Уладзіміра Волкава,
паведаміў намеснік начальніка аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю СК Сяргей Кабаковіч.
«Абвінавачанне выстаўлена па васьмі эпізодах злачыннай дзейнасці, па васьмі фактах атрымання хабару ад розных суб'ектаў гаспадарання. Адпаведна, папярэдняе следства па справе закончана», — сказаў Кабаковіч.
Паводле яго слоў, падчас следства накладзены арышт на маёмасць абвінавачанага. «Гэта прыблізна 100 тысяч долараў ЗША, дзве кватэры, гараж, аўтамабіль BMW. Крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для далейшага накіравання ў суд», — дадаў Кабаковіч.
11 сакавіка на нарадзе па ўдасканальванні сістэмы і працы па прыёме ў ВНУ і ССНУ Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў гэтую крымінальную справу.
«Вось толькі што мяне праінфармавалі… Памятаеце, пра Волкава ішла размова? Няхай суддзі не палічаць, што я ўмешваюся ў следчы працэс. Абаронцы, памятаеце, прэм'ер, першы віцэ-прэ'мер гаварылі: «Волкаў — святы чалавек»? Восем ці адзінаццаць фактаў хабару зафіксавана толькі тэхнічна. Як кажуць, плёнку на стол і глядзі», —
сказаў Лукашэнка. «І шмат такіх. Я найбліжэйшым часам пра гэта скажу», — паабяцаў кіраўнік дзяржавы.
Паводле інфармацыі СК, Уладзімір Волкаў быў затрыманы 8 кастрычніка мінулага года «пасля атрымання чарговай часткі хабару ад прадстаўніка адной з юрыдычных асоб за вырашэнне пытання аб узгадненні аб'ёмаў перапрацоўкі спадарожных прадуктаў нафты на прадпрыемствах канцэрна». Паведамлялася, што чыноўніка затрымалі ў яго службовым кабінеце. Сума незаконна атрыманых ім грашовых сродкаў з лютага па кастрычнік склала 19 тысяч долараў.





