Прэм'ер-міністр Мальты Джозэф Мускат заявіў, што ўвечары 11 сакавіка самалёт Алі Зейдана спыніўся на дазапраўку на тэрыторыі вострава. Затым былы лівійскі прэм'ер адправіўся ў «іншую еўрапейскую краіну».
Былы прэм'ер мог адправіцца ў Швейцарыю, дзе ён пражываў у часы кіравання Кадафі. Зейдан быў лівійскім дыпламатам да 1980 года, калі сышоў з пасады і застаўся на Захадзе ў знак пратэсту супраць Кадафі. Пасля гэтага ён займаўся праваабарончай дзейнасцю, базуючыся ў Жэневе.
Ён падтрымаў паўстанне ў Лівіі, што выбухнула на хвалі «арабскай вясны». Кажуць, што менавіта Зейдан пераканаў прэзідэнта Францыі Нікаля Сарказі аказаць ваенную дапамогу паўстанцам.
Прэм'ерам ён стаў у 2012 годзе, пасля першых у Лівіі свабодных выбараў.
У сераду 11 сакавіка, лівійскі парламент вынес вотум недаверу Алі Зейдану, а часовым выканаўцам абавязкаў прэм'ера прызначыў міністра абароны Абдалу аль-Тані.
Генеральная пракуратура Лівіі праз некаторы час абвясціла, што пачала ў дачыненні да былога прэм'ера расследаванне. У сувязі з расследаваннем былому прэм'еру забаранілі пакідаць краіну, але, як бачым, ён парушыў гэтую забарону.
У адстаўку кіраўніка ўрада адправілі пасля скандалу з паўночнакарэйскім танкерам «Морнінг Глоры».
Гэтае судна закупіла нафту ў лівійскім порце Эс-Сідр, што знаходзіцца пад кантролем сепаратыстаў, якія абвясцілі вобласць Кірэнаіка аўтаноміяй і дабіваюцца большай долі ў продажы нафты. Караблі лівійскіх ВМС спрабавалі блакаваць танкер і абяцалі адкрыць па ім агонь у выпадку спробы схавацца, аднак «Морнінг Глоры» змог сысці ад пагоні.
Пасля падзення Кадафі Лівія застаецца падзеленай па кланавым і рэгіянальным прынцыпе. Цэнтральная ўлада застаецца слабой. А экспарт нафты — галоўнай крыніцы даходаў краіны — так і не выйшаў на перадрэвалюцыйны ўзровень.





