Суд Цэнтральнага раёна Мінска абвінаваціў старшыню Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзьку ў парушэнні артыкула 23.34 адміністрацыйнага кодэксу аб правядзенні масавых мерапрыемстваў і пакараў штрафам 30 базавых велічыняў (3 мільёны 900 тысяч рублёў).
Падставай для гэтага стаў удзел кіраўніка АГП у перадвыбарчым пікеце 2 сакавіка каля Камароўскага рынку ў Мінску.
Арганізаваў перадвыбарчы пікет сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі, кандыдат у дэпутаты гарсавета Артур Фінкевіч. У судзе ён заявіў, што напярэдадні паведаміў пра акцыю ў гарадскую выбарчую камісію, як таго і патрабуе выбарчае заканадаўства, што і было зафіксавана адпаведным чынам.
Як заявіў Анатоль Лябедзька, гэтае рашэнне ён будзе абскарджваць у судзе вышэйшай інстанцыі.





