У Хойніках расіянін з нажом напаў на мясцовага жыхара і нанёс каля паўтара дзясятка цяжкіх ран.
7 сакавіка ў 01.26 ночы ў Хойніцкі РАУС паступіла паведамленне аб тым, што ў прыёмнае аддзяленне мясцовай паліклінікі ў стане непрытомнасці, са шматлікімі колата-рэзанымі ранамі дастаўлены 30-гадовы мясцовы жыхар. Пасля было ўстаноўлена, што позна ноччу мужчына вяртаўся дадому і ў гэты момант на яго напаў невядомы і нанёс 14 колата-рэзаных ран у твару, шыю і жывот. Пасля гэтага злачынца знік у невядомым напрамку. Пацярпелага знайшла на вуліцы мясцовая жыхарка, якая і выклікала хуткую дапамогу.
Як паведамілі БелаПАН у прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкама, мясцовыя ўрачы і хірургі суткі змагаліся за жыццё пацярпелага. На шчасце, іх старанні ўвянчаліся поспехам — праз некалькі дзён пацярпелы прыйшоў у памяць.
Увесь гэты час супрацоўнікі крымінальнага вышуку праводзілі шэраг аператыўна-пошукавых мерапрыемстваў па ўстанаўленні кола магчымых падазроных.
У выніку парэзаў у пацярпелага былі траўмаваны галасавыя звязкі і падрабязна расказаць аб здарэнні ён не мог, таму пошук злачынца ўскладняўся. Тады супрацоўнікі міліцыі прапанавалі яму апісаць злачынца пры дапамозе ручкі і паперы, на што той пагадзіўся.
У выніку праведзенай працы супрацоўнікамі крымінальнага вышуку быў устаноўлены падазроны. Гэта 62-гадовы раней неаднаразова судзімы грамадзянін Расійскай Федэрацыі, які жыве на тэрыторыі раёна ў сваякоў.
Цяпер Хойніцкім раённым аддзелам Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь у дачыненні да падазронага праводзяцца следчыя дзеянні, скіраваныя на ўстанаўленне матываў і ўсіх акалічнасцяў учынення гэтага злачынства.





