Дзяржавы Еўрасаюза ўзгаднілі праект санкцый супраць Расіі, якія прадугледжваюць, у прыватнасці, візавыя абмежаванні і замарожванне актываў тых, хто адказвае за парушэнне суверэнітэту Украіны.
Калі ў панядзелак праект будзе ўхвалены міністрамі замежных спраў ЕС, гэта будуць першыя еўрапейскія санкцыі супраць Расіі ад заканчэння халоднай вайны, што стане знакам сур'ёзнага абвастрэння адносін паміж Усходам і Захадам. Пра гэта сведчыць дакумент, з якім азнаёміўся Reuters.
Сямістаронкавы тэкст падрабязна апісвае абмежавальныя меры, якія будуць ужытыя супраць Масквы, калі яна не адыдзе ад свайго курсу наконт Крыма і не пачне перамовы з міжнароднымі пасярэднікамі аб пераадоленні крызісу ва Украіне.
«Дзяржавы-ўдзельнікі ўжывуць неабходныя меры, каб прадухіліць ўезд на іх тэрыторыю або праезд праз яе асоб, якія нясуць адказнасць за дзеянні, якія падрываюць або пагражаюць тэрытарыяльнай цэласнасці, суверэнітэту і незалежнасці Украіны», — гаворыцца ў першым артыкуле дакумента.
Другі тычыцца актываў, якія знаходзяцца ў Еўрасаюзе, ён прадугледжвае, што «ўсе сродкі і эканамічныя рэсурсы, якія належаць або кантралююцца «тымі, хто адказвае за дзеянні, што падрываюць цэласнасць Украіны, «будуць замарожаныя».
Дакумент быў ухвалены, пасля таго як ў ніводнай дзяржавы- ўдзельніка не засталося пярэчанняў супраць праекта, сказалі чыноўнікі.
Міністры замежных спраў ЕС сустракаюцца ў Брусэлі ў панядзелак і, як чакаецца, афіцыйна завершаць працэдуру, калі ў курсе Расіі не адбудзецца прыкметных змен. Да гэтага часу ніякіх прыкмет магчымай дээскалацыі крызісу ў Крыму не назіралася.





