У сталіцы 12 сакавіка прайшло ўручэнне прэміі «Дэбют».
У галерэі «Ў» рухомыя сцены — то бок пры жаданні іх можна перасунуць, павялічваючы або, наадварот, памяншаючы (як тое і стала на прэміі «Дэбют») памеры памяшкання. У выніку зала для прэміі стала невялікай і змяшчала ўсіх гледачоў з цяжкасцю.
Прэмія «Дэбют», разам з прэміяй імя Гедройца — адна з галоўных літаратурных падзей кожнага года. Сёлета пераможцамі сталі: проза – Кацярына Оаро за кнігу «Сарочае радыё» (гісторыі з жыцця маладой беларускай журналісткі, якая працуе ў незалежным СМІ), паэзія – Уладзь Лянкевіч за кнігу «70% вады» (надзвычай метафарычныя тэксты, якія «працуюць» як у спалучэнні з музыкай, так і ў паэтычнай версіі), пераклад — Кацярына Маціеўская за «Саламею» Оскара Уайлда, а таксама Серж Мядзведзеў за «Байцоўскі клуб» Чака Паланіка, які ў перакладзе пераўтварыўся ў Паланюка.
Дадаткова спецыяльную прэмію атрымаў Дзмітрый Дзмітрыеў за зборнік спецыфічных тэкстаў пад назвай «Ліра-спіралі».
Распачалася цырымонія з хвіліны маўчання – прысутныя ўшанавалі памяць народнага паэта Рыгора Барадуліна, пасля Лявон Вольскі заспяваў «Белую яблыню грому» ў суправаджэнні Паўла Аракеляна.
Канешне, пасля прэміі ўзнікне хваля крытыкі журы: шмат хто меркаваў, што найлепшай празаічнай кнігай з дэбютных мусіць быць прызнаны «Чарвяк» Змітра Дашкевіча, а тыя самыя «Ліра-спіралі» шмат каму падаюцца надзвычай авангарднымі.
Тым не менш, «Дэбют» па сваёй важнасці не далёка адышоў ад Гедройца, прынамсі, як стартавая пляцоўка для маладых літаратараў — гэта вельмі някепскі варыянт.