Аўстрыйская паліцыя арыштавала ў Вене 48-гадовага ўкраінскага прадпрымальніка Дзмітрыя Фірташа, паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы.

Як паведамляецца, бізнесмен арыштаваны па запыце ФБР па падазрэнні ў дачыненні да стварэння арганізаванай злачыннай групы і хабарніцтве.

Як паведамляецца, ён знаходзіўся пад следствам ФБР з 2006 года.

Фірташа займае 4-е месца ў рэйтынгу самых багатых людзей Украіны (2013). Ягонае багацце ацэньваецца ў $ 3,5 млрд. Ягоныя актывы аб'яднаныя ў міжнародную групу кампаній «Group DF», асноўнымі кірункамі дзейнасці якой з'яўляюцца азотны, тытанавы, газавы і банкаўскі бізнэсы. Ён узначальвае Федэрацыю працадаўцаў Украіны, якая аб'ядноўвае ўвесь буйны ўкраінскі бізнэс.

Вялікі рэзананс у пачатку 2013 года выклікала набыццё групай Фірташа кампаніі Inter Media Group, у якую ўваходзяць тэлеканалы «Інтэр», НТН, К1, «Мега», «Энтэр-фільм», К2, «Піксель» і MTV.

Яго тэлеканалы былі ключавымі ў прапагандзе Януковіча. Напярэдадні ўцёкаў Януковіча «Інтэр» рэзка памяняў тон.

Лічыцца, што Фірташ звязаны ценевымі сувязямі з Уладзімірам Пуціным. Прынамсі, менавіта з удзелам прэзідэнта Пуціна было вырашана, што пастаўкі газу ва Украіну «Газпром» будзе ажыццяўляць не наўпрост, а праз структуры Фірташа.

Для гэтага ў 2004 годзе ўкраінскі бізнэсмэн супольна з «Газпромам» стварыў кампанію «Расукрэнерга» для ажыццяўлення транзіту газу ва Украіну і ў краіны Еўрасаюза. У тым жа годзе была набыта аўстрыйская кампанія Zangas Hoch-und Tiefbau GmbH, якая спецыялізуецца на будаўніцтве газаправодаў.

Кансалідаваная выручка Group DF за 2012 год складала прыкладна $6 млрд, а EBITDA — $ 1,3 млрд.

Бізнесмена затрымалі на праезнай частцы недалёка ад месца пражывання ў раёне Вены Маргарэт. Фірташ і ягоныя целаахоўнікі не супраціўляліся. Цяпер Фірташ знаходзіцца ў турме раёна Ёзэфштат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?