Спраўджваюцца найгоршыя прагнозы з нагоды дзеянняў Расіі ў дачыненні да Літвы. Прэм'ер Альгірдас Буткявічус ў Сейме падчас урадавай гадзіны прызнаў, што ў Клайпедскім порце затрымаўся груз з харчовымі таварамі.

«Я сустрэўся з кіраўніком Літоўскай канфедэрацыі прамыслоўцаў Робертасам Даргісам, а таксама з кіраўніком Дзяржаўнай харчова-ветэрынарнай службы. Тут няма чаго хаваць. Ужо з усіх тэрміналаў Клайпедскага порта немагчыма ні экспартаваць, ні рээкспартаваць, ні імпартаваць. І вось прыклад — калі Злучаныя Штаты Амерыкі праз «халадзільнік» Смелтэ перавозілі курыныя ножкі, то амерыканская кампанія атрымала ўказанне: просьбу экспартаваць праз іншыя парты, якія не належаць Літве і некаторым іншым краінам», — сказаў прэм'ер.

Буткявічус заявіў журналістам, што Расія афіцыйна паведаміла аб блакаванні паставак прадуктаў харчавання праз Літву.

«Атрыманы ліст у Клайпедскім тэрмінале. Акрамя таго, атрыманыя лісты тымі кампаніямі, якія экспартуюць прадукцыю праз партовыя тэрміналы ў Расію. І ў тых лістах гаворыцца, што экспарт з Літвы, партовых тэрміналаў Клайпедскага марскога порта і, магчыма, некаторых іншых тэрміналаў у Расію немагчымы. І агучана просьба накіраваць рээкспарт, экспарт прадуктаў харчавання праз іншыя парты», — сказаў прэм'ер -міністр.

На пытанне аб тым, якія могуць быць наступствы падобнай блакады, кіраўнік урада прадставіў наступныя лічбы.

«Пакуль што аб стратах мы не гаворым, таму што толькі сёння атрымалі гэтую інфармацыю. Разлік можа быць вельмі просты. За год праз тэрміналы Клайпедскага порта рээкспартуецца і экспартуецца ў Расію больш за 1 млн тон харчавання», — сказаў Буткявічус.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?