Мінскія школьнікі 11 сакавіка двойчы паведамлялі непраўдзівую інфармацыю пра небяспеку ў метро.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, у першай палове дня па тэлефоне міліцыі 102 паступілі два званкі з інфармацыяй, якая тычыцца метрапалітэна. У абодвух выпадках паведамленні былі непраўдзівымі, а тэлефанавалі школьнікі з розных раёнаў горада. 

Першы званок паступіў у 9.26. Дзіцячы голас паведаміў аб падрыхтоўцы выбухаў у метрапалітэне. З улікам манеры падачы інфармацыі і голасу абанента адразу ж з'явілася сумненне ў праўдзівасці паведамлення.

Тым не менш у метрапалітэне былі ўзмоцнены меры бяспекі, а таксама былі выдзелены дадатковыя сілы для праверкі станцый. Супрацоўнікі міліцыі распачалі пошукі таго, хто тэлефанаваў.

«Тэхнічныя магчымасці дазволілі нам хутка вызначыць нумар абанента і месца, адкуль паступіў званок,

— расказаў намеснік начальніка аддзела аператыўна-дзяжурнай службы ГУУС Мінгарвыканкама Сяргей Сіневіч. — Мы праверылі інфармацыю і ўстанавілі, што з тэлефона бацькі патэлефанаваў першакласнік адной са школ Маскоўскага раёна сталіцы, які з сябрамі вырашыў такім чынам пажартаваць».

Другі такі званок паступіў у міліцыыю ў 12.22. І зноў дзіцячы голас паведаміў аб небяспецы ў метро. На гэты раз — аб пажары.

Міліцыянеры неўзабаве ўстанавілі асобу і гэтага абанента. Карыстальнікам тэлефона зноў аказаўся першакласнік з Заводскага раёна сталіцы.

«Сёння мы маем дастаткова тэхнічных магчымасцей, якія дазваляюць устанаўліваць такіх «жартаўнікоў», — адзначыў Сіневіч. — Тое, што дзеці палічылі жартам, на самой справе каранае дзеянне, і адказваць цяпер прыйдзецца іх бацькам. Як мінімум — гэта важкі штраф». 

Як паведамілі ва ўпраўленні аховы правапарадку і прафілактыкі ГУУС, ілжэмінёраў часцей за ўсё прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці. Артыкул 17.6. КоАП (заведама непраўдзівае паведамленне) прадугледжвае накладанне штрафу да 50 базавых велічынь (на сёння — 6.500.000 рублёў). Асобна вызначаецца матэрыяльны ўрон за працу спецыяльных службаў, які падлічваецца ў залежнасці ад развіцця кожнай канкрэтнай сітуацыі.

Прычым за ўчынкі свайго дзіцяці прыйдзецца адказваць яго бацькам.

І тут дарэчы нагадаць пра арт. 9.4. КоАП (невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей), які прадугледжвае штрафныя санкцыі да 20 базавых велічынь. Дзіця, акрамя ўсяго іншага, у абавязковым парадку паставяць на спецыяльны ўлік не толькі ў школе, але і ў міліцыі, з усімі негатыўнымі наступствамі.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?