Электронны праязны трэба будзе кожны раз падносіць да валідатара, фота Кірылы Хілько.
Але можна будзе карыстацца звычайнымі талончыкамі, якія цяпер рэгіструюць у спецыяльным кампосцеры, фота Кірылы Хілько
15 сакавіка ў Мінску пачнецца продаж электронных праязных білетаў на ўсе віды транспарту. Аб гэтым паведаміла намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» Ірына Якубоўская.
Электронны праязны будзе ўяўляць сабой пластыкавую картку (бескантактная смарт-карта) накшталт банкаўскай карткі, сіняга колеру з лагатыпам «Мінсктранса» і выявай відаў транспарту.
Як і раней папяровыя праязныя, яны будуць прадавацца на 10, 15 дзён, месяц і пачнуць дзейнічаць 1 красавіка», — паведаміла Якубоўская.
Паводле яе слоў, на электронны білет будзе налічвацца кошт, аналагічны кошту папяровых праязных.
Акрамя гэтага, трэба будзе заплаціць залогавы кошт — 12 тысяч рублёў.
Таксама з'явіцца магчымасць купіць праязны на 5, 10 і больш паездак.
Праязны толькі на метро пакуль будзе прадавацца на радыёкартах. Карты з магнітнай стужкай паступова выводзяцца з абарачэння.
Пры ўваходзе ў транспарт уладальніку электроннага праязнога трэба будзе паднесці яго да валідатара (прылада для праверкі дакументаў на электронных носьбітах), які светлавым і гукавым сігналамі паказвае, што паездка аплачана.
Праверку аплаты будуць ажыццяўляць кантралёры, якіх забяспечаць адпаведнымі тэрміналамі.
Прычым перад заходам кантралёраў у салон валідатары будуць блакіравацца.
Продаж электронных праязных будзе ажыццяўляцца ў 139 кіёсках агенцтва «Мінсктранс» і ў касах метрапалітэна.
Разам з электроннымі праязнымі ў дзеянні застаюцца аднаразовыя жэтоны на паездку ў метро, а таксама папяровыя праязныя білеты на адну паездку ў наземным транспарце.





