Інтэрнэт-праект «Беларускі архіў вуснай гісторыі» МГА «Гісторыка» і ГА «Дыярыуш» запрашаюць усіх зацікаўленных да ўдзелу ў інфармацыйных мерапрыемствах па тэме «Вусная гісторыя ў адукацыйным працэсе», якія адбудуцца:
— 5 красавіка ў Гомелі,
— 12 красавіка ў г. Гродна.
Мерапрыемства ў Мінску 30 сакавіка, якое планавалася, адмяняецца.
На семінарах вы зможаце даведацца пра прынцыпы і асаблівасці збора вуснагістарычных матэрыялаў з вучнямі, магчымасці іх выкарыстання ў выкладчыцкай дзейнасці. Акрамя таго, мы прапануем вам пазнаёміцца з асноўнымі этапамі ажыццяўлення вуснагістарычнага праекта, у якім вучні прымаюць непасрэдны ўдзел, з магчымасцямі і асаблівасцямі выкарыстання відэа- і аўдыёзапісаў інтэрв’ю сведкаў часу на школьных занятках.
Таксама, на семінары, мы пазнаёмім вас з распрацоўкамі ўрокаў па гісторыі Беларусі і грамадазнаўству з выкарыстаннем інтэрв’ю сведак часу. У выніку сумеснай дзейнасці «Беларускага Архіва Вуснай Гісторыі» і настаўнікаў з розных абласцей Беларусі ў 2013 годзе быў выпушчаны дыск з прыкладамі матэрыялаў такіх урокаў. Кожны ўдзельнік атрымае такі дыск.
Акрамя таго, вы зможаце падрабязна даведацца пра конкурс для школьнікаў «1939 год у памяці жыхароў Беларусі», атрымаць метадычныя матэрыялы і парады да напісання конкурсных прац. Нагадваем, што працы прымаюцца да 15 мая.
Чакаем вашыя заяўкі на ўдзел да 1 красавіка на адрас konkurs@nashapamiac.org.
Выдаткі на праезд — за кошт арганізатараў.
Усе пытанні вы можаце задаць па тэлефонах: 8 029 397 52 15 (Вольга), 8 029 358 31 84 (Павел)





