Рэйтынг Пуціна зашкальвае. Да акупацыі Крыма цалкам задаволеныя дзейнасцю прэзідэнта былі 27%, а цяпер — 67 % насельніцтва. Пасля доўгіх гадоў прыніжэння ўсе хочуць «маленькай пераможнай вайны». Усе настроены на рэванш за 1991-ы год. Дзівіць, што нават моладзь заражаная імперскімі амбіцыямі. «Класны мужык Пуцін, — гэта першае, што я пачула на маскоўскім вакзале. — Севастопаль — рускі горад. Крым павінен быць наш».

Кажуць: Пуцін… Аўтакратыя… Але аўтакратыя жыве не ў вакууме. Гаворка павінна ісці аб калектыўным Пуціне.

Крым — гэта балючая тэма. Да XVIII стагоддзя ён быў татарскі, з XVIII да XX стагоддзя — Крым расійскі. Таму Крым — «наш», у «нас» яго несправядліва адабраў па п'янцы Хрушчоў і аддаў Украіне. А колькі там рускіх магіл! І меркаванні палярызуюцца: ад «выратуем нашых братоў», да «трэба скінуць на хахлоў пару атамных бомбаў».

Недалёка ад Краснай плошчы я назірала такую карціну: двое маладых людзей стаялі з плакатам: «Прахожы! Колькі дзяцей, братоў, суседзяў ты гатовы пахаваць, каб Крым стаў часткай Расіі?» Пры мне хлопцаў абзывалі фашыстамі, бандэраўцамі, амерыканскімі прыхваснямі.

Крылі матам. Старыя жанчыны плявалі ў іх. Парвалі плакат. Нейкія мужыкі з распахнутымы паўкажушкамі і масіўнымі крыжамі на грудзях прывялі амапаўцаў: «Забярыце гэтых юродзівых у пастарунак, а то мы ім суд Лінча устроім». Пад'ехаў паліцэйскі аўтазак і хлопцаў павезлі…

Пуцін зрабіў стаўку на найніжэйшыя інстынкты і выйграў. Нават калі б заўтра Пуціна не стала, куды б мы прапалі ад саміх сябе?

Я прысутнічала на двух мітынгах: за вайну і супраць вайны. Мітынг за перамогу ў Крыме сабраў 20 тысяч чалавек з плакатамі: «Рускі дух непераможны!», «Не аддамо Украіну Амерыцы!», «Украіна, свабода, Пуцін». Малебны, святары, харугвы, патэтычныя прамовы — нейкая архаіка. Шквал авацый стаяў пасля выступу аднаго прамоўцы: «Расійскімі войскамі ў Крыме захопленыя ўсе ключавыя стратэгічныя аб'екты. Заблакаваныя органы мясцовага самакіравання, месцы дыслакацыі ўкраінскіх войскаў. Узятыя пад кантроль вакзалы, аэрапорты, вузлы сувязі…» Я азірнулася: лютасьць і нянавісць на тварах. Як сумяшчаецца ўсё гэта з добрай вопраткай, сучаснымі машынамі і кафэ, паездкі ў адпачынак у Маямі ці ў Італію?

На мітынг супраць вайны сабралася ўсяго некалькі тысяч чалавек, ішлі і скандавалі: «Міру — мір! Не вайне!», «Юродзівыя, — крычалі ім з тратуараў. — Ворагі Расіі! Хочаце НАТА з базай у Севастопалі?»

Вось побач са мной стаяць два чалавекі, і я бачу, як у іх наліваюцца крывёю вочы…

У такія хвіліны мне прыгадваюцца дакументальныя кадры ўводу расійскіх войскаў у Крым: ішлі «КамАЗы», ваенныя цягачы, Бронетэхніка. Вакол раскрытых люкаў сядзелі салдаты, у іх на ўсю моц грымелі магнітафоны. Неслася на ўсю моц песня: «Праздник к нам приходит! Праздник к нам приходит!» У гэтых хлопчыкаў з Разані, Цверы, Сібіры не было грошай прыехаць у Крым турыстамі, прыехалі на бронетранспарцёры.

Я дзесьці гэта ўжо бачыла: на савецкай вайне ў Афганістане. Тая ж хлусня і спакой дыктатараў: «Па просьбе ўрада Афганістана уведзены абмежаваны кантынгент савецкіх войскаў…

Нашы войскі ўвайшлі ў Афганістан, каб туды не ўвайшлі амерыканцы… Нашы межы на замку…» Праз дзясяткі гадоў той жа сцэнар паўтарыўся — у Абхазіі, Грузіі…

Насоўваецца нешта страшнае і крывавае. Мой бацька — беларус, маці — украінка. І так у многіх. Трыста гадоў мы жылі ў адной краіне. Змяшалася ўсё: сем'і, культура. Першую і Другую сусветную вайну прайшлі разам. Самае страшнае, што можна прадставіць — вайну Расіі і Украіны. Чужых у гэтай вайне не будзе. І пераможцаў таксама…

Сёння сябры напісалі, што ў іх ва Украіне пачалася ўсеагульная мабілізацыя, па Хрышчаціку ходзяць людзі ў камуфляжнай форме, зброя ў чахлах. Бой барабанаў. «Куды сабраліся?» — «Маскалёў патрашыць за Крым».

Страшна! Незразумела! Як у Талстога: ніхто гэтай вайны не хоча, а яна насоўваецца.

Але нават у такія хвіліны ўкраінцы ўмеюць смяяцца. Распавядаюць свежыя анекдоты. У Януковіча пытаюцца: «Як гэта Пуцін напаў на Украіну?» — «Я яго папрасіў». — «А як вы да гэтага дадумаліся?» — «Ён мяне папрасіў».

Былы палкоўнік КДБ ліслівіць сябе думкай, што застанецца ў гісторыі збіральнікам рускіх зямель. Як напісана ў летапісе: «Адсюль ёсць і пайшла зямля руская». Камусьці ў Крамлі здаецца, што Данецк і Харкаў — гэта таксама руская зямля. Жыхары Крыма маглі б прагаласаваць за вяртанне ў склад Расіі і без падказкі Масквы, бо расійцаў там большасць. Але, падобна, Крамлю падабаецца пагуляць мускуламі. Папалохаць.

Яны там, у Крамлі, не могуць паверыць, што ва Украіне адбыўся не нацысцкі пераварот, а народная рэвалюцыя. Справядлівая.

Украінцы ўбачылі кінутыя маёнткі гэтых спадароў з пазалочанымі ўнітазамі. Як наменклатура савецкага часу, яны думалі, што ўладзе дазволена ўсё, і яна не адказная перад грамадствам. Але людзі за 20 гадоў змяніліся.

Першы Майдан выгадаваў другі Майдан. Людзі зрабілі другую рэвалюцыю, цяпер важна, каб палітыкі яе зноў не прайгралі.

Недалёка ад майго дома ў Мінску стаіць помнік ўкраінскаму Кабзару Тарасу Шаўчэнку. Кожную раніцу я бачу, што помнік абсыпаны кветкамі, дагараюць памінальныя свечкі. Першыя дні на тых, хто прыходзіць сюды, складалі пратаколы, везлі ў паліцэйскі ўчастак. Тады людзей было дзясяткі, а цяпер за сотню.

Міліцыя не можа арыштаваць усіх людзей, раніцай да помніка прыязджае машына і арыштоўвае кветкі. Але я ведаю, што раніцай будуць новыя кветкі…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?