Сёння ў 08:00 па кіеўскім часе (09:00 па Мінску) у Крыме пачаўся непрызнаны светам рэферэндум аб самавызначэнні, які праводзіцца пры ваеннай і палітычнай падтрымцы Расійскай Федэрацыі.
У бюлетэні ўсяго толькі два пытанні на трох мовах: расійскай, украінскай і крымскататарскай.
1. Вы за ўз'яднанне Крыма з Расіяй на правах суб'екта Расійскай Федэрацыі?
2. Вы за аднаўленне дзеяння Канстытуцыі Рэспублікі Крым 1992 і за статус Крыма як часткі Украіны?
Паколькі Канстытуцыяй Украіны не прадугледжана правядзенне мясцовых рэферэндумаў і з улікам таго факту, што рэферэндум у Крыме стаў магчымым дзякуючы ўварванню расійскіх войскаў, сусветная грамадскасць, за выключэннем Расіі, лічыць яго нелегітымным.
У прыватнасці, рэферэндум быў прызнаны нелегітымным ўкраінскім Канстытуцыйным судом, Венецыянскай камісіяй, ЕС і ЗША. 15 сакавіка на разгляд Рады Бяспекі ААН была вынесена рэзалюцыя, якая прадугледжвае абвясціць рэферэндум у Крыме «такім, што не мае сілы» і заклікаць усе краіны не прызнаваць яго вынікі, аднак Расія заблакавала яе, скарыстаўшыся правам вета.
Супраць рэферэндуму ў Крыме актыўна выступаюць толькі крымскія татары.





