Рада Руху «За Свабоду» выступіла з заявай «Аб расійскай агрэсіі супраць Украіны і аб пагрозе незалежнасці Беларусі»

«Палітыка неаімперскага рэваншу і агрэсія Расіі супраць украінскай дзяржавы і еўрапейскага выбару народу Украіны з’яўляюцца агульнаеўрапейскай пагрозай. Гэта вельмі небяспечны выклік для мірнага развіцця і ўзаемавыгаднай інтэграцыі, — гаворыцца ў заяве.

У 1994 годзе Расія ўзяла на сябе абязальніцтвы паважаць незалежнасць, суверэнітэт і існуючыя дзяржаўныя межы Украіны, Казахстана і Беларусі, устрымлівацца ад пагрозы ўжываць сілу супраць іхняй тэрытарыяльнай цэласнасці і палітычнай незалежнасці, а таксама не ўжываць эканамічны прымус дзеля адстойвання сваіх уласных інтарэсаў. Сёння мы бачым, што крамлёўскі рэжым груба парушае свае міжнародныя абязальніцтвы і Статут ААН у дачыненні да Украіны.

Пасля Украіны можа надысці чарга Беларусі, Казахстана ці любой іншай дзяржавы.

Мы салідарныя з народам Украіны, які гераічна зрабіў цывілізацыйны выбар на карысць еўрапейскага шляху развіцця і дэмакратыі. Беларусь павінна адназначна падтрымаць суверэнітэт, незалежнасць і тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, а не гуляцца ў небяспечныя гульні з агрэсарам і пашыраць ягоную вайсковую прысутнасць у нашай краіне. Нельга рабіць беларускі народ закладнікам чужых захопніцкіх планаў.

Лёс беларускай дзяржавы і нацыі пад велізарнай пагрозай. Залежнасць ад усходняга суседа катастрафічная.

Гэта прывяло эканоміку Беларусі да глыбокага крызісу. Усё больш і больш расійскіх вайскоўцаў ступае на беларускую зямлю, што яшчэ больш аддаляе нас ад цывілізаванага свету.

Беларусь не павінна быць сатэлітам Крамля.

У беларускім нацыянальным інтарэсе – рэальнае напаўненне канстытуцыйнага палажэння пра нейтральны статус Беларусі, выхад з АДКБ і Мытнага саюзу, нейтралізацыя расійскай прапаганды ў Беларусі, супрацоўніцтва і інтэграцыя з Еўрапейскім саюзам. Нам жыццёва неабходна кансалідацыя на грунце патрыятызму, нацыянальных інтарэсаў і каштоўнасцяў.

Заклікаем усіх грамадзянаў Беларусі выказаць адпаведную грамадзянскую пазіцыю падчас ушанавання Дня Волі 25 сакавіка.

Нам патрэбныя агульнабеларускі дыялог і нацыянальная кансалідацыя.

Гэта магчыма толькі пасля вызвалення ўсіх палітвязняў, спынення палітычных рэпрэсіяў і пашырэння свабоды СМІ. Неадкладна павінна быць прынятая антыкрызісная праграма, скіраваная на рэальную мадэрнізацыю эканомікі краіны і забеспячэнне энергетычнай бяспекі праз шырокае супрацоўніцтва з краінамі Чарнаморска-Балтыйскага рэгіёну.

Рух «За Свабоду» заклікае народ Беларусі да актыўных дзеянняў у абарону суверэнітэту, незалежнасці і нацыянальнай самабытнасці.к – нацыянальнай кансалідацыі і еўрапейскаму выбару народаў Украіны і Беларусі!

Не — расійскай агрэсіі! Не — захопніцкай вайне!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0