Спецыялісты адзначаюць незвычайна ранні наступ сезона кляшчоў у Беларусі. Першыя адзінкавыя выпадкі ўкусаў былі зафіксаваны ў Брэсцкай вобласці ў трэцяй дэкадзе лютага.
Як паведамляе Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, да пачатку сакавіка было зарэгістравана восем выпадкаў укусаў людзей кляшчамі ў Брэсцкай, Віцебскай, Гродзенскай абласцях і Мінску.
Медыкі нагадваюць, што іксодавы клешч можа быць пераносчыкам дзевяці ўзбуджальнікаў інфекцыйных захворванняў на тэрыторыі Беларусі, і штогод у краіне рэгіструюць два з іх — клешчавы энцэфаліт і Лайм-барэліёз.
У 2013 годзе па медыцынскую дапамогу з прычыны ўкусаў кляшчамі звярнуліся 38 тыс. 180 чалавек, 107 іх іх захварэлі на вірусны клешчавы энцэфаліт, у тым ліку ў 12 выпадках заражэнне адбылося пры спажыванні сырога казінага малака. Лайм-барэліёзам летась заразіліся 1 тыс. 30 чалавек.





