Праўда, пра таямніцы прыватнага жыцця асабліва не расказваюць, таму некаторыя часам гадаюць: дык Камоцкія — гэта брат і сястра? Ці проста маюць адно і тое ж прозвішча? Ці, можа, муж і жонка? А калі так, дык чаму іх рэдка пабачыш разам і чаму яны не даюць сумесных выступаў, хоць працуюць у адной і той жа музычнай плыні? А калі развяліся, то, зноў жа, чаму прозвішча адно і тое ж? Праўду ведаюць толькі набліжаныя сябры Камоцкіх. А праўда ў тым, што яны сапраўды жылі разам як муж і жонка, але воляю лёсу разышліся. Упершыню Алесь і Кася пагадзіліся расказаць на публіку сваю гісторыю.

У пачатку 80-х паміж студэнтамі БДУ Кацяй і Сашам завязалася знаёмства, якое вельмі хутка перарасло ў нешта большае. Ён толькі што адслужыў у войску і паступіў на аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта, а яна вучылася на гістфаку. Канкрэтнага дня знаёмства цяпер ні Кася, ні Алесь прыгадаць не могуць.

«Мы неяк паралельна тусаваліся — у інтэрнаце, да некага дадому прыходзілі, на лесвіцах ва ўніверы. Я спяваў і яна спявала, так і сышліся. Думалі разам спяваць, але не пайшло нешта. Але знаёмства завязалася. Ад моманту знаёмства да вяселля, мусіць, і года не прайшло. Дзякуючы Каці — яна шустрая, а я цяльпо, мядляк», — згадвае Алесь Камоцкі.

Шлюбам яны пабраліся 30 красавіка 1982 у гарадскім ЗАГСе, што на Камуністычнай. Алесь тады меў 24 гады, а Касі яшчэ не было і 19-ці.

Той дзень выдатна запомніўся абаім. Шмат у чым дзякуючы прапанове Камоцкага.

«Вяселля як такога ў нас, можна сказаць, і не было. Мы распісаліся і практычна адразу паехалі ў аэрапорт. Абралі загадзя для вандроўкі Піцер ды ўсіх пра гэта папярэдзілі. Не ведаю, можа, трэба было Вільню, але паляцелі ў Ленінград. Тады гэта быў такі горад рок-н-ролу, дзе быў найлепшы на ўвесь Саюз рок-клуб. Мы патусаваліся ля «Сайгона», пакаталіся на рачным трамвайчыку, тыдзень прабадзяліся там. А госці гулялі на нашым вяселлі без нас, ніхто пакрыўджаны не быў, родныя паставіліся з разуменнем. Адзначалі на кватэры ў мяне, на Чарвякова. Свята ўдалося, нават унітаз пабілі», — згадвае Кася Камоцкая.

Камоцкія пасяляліся ў доме на вуліцы Янкі Купалы, які насупраць цырка: там на першым паверсе рэстарацыя «Узбекістон», а іх кватэра была на апошнім. Дасталася яна ад Касінай бабулі, супрацоўніцы дзяржаўнага радыё. Дом быў заўжды поўны гасцей. Гаварылі між сабой ужо тады па-беларуску.

«У 19 гадоў мець сваю хату, дзе можна было прымаць гасцей, — гэта было сапраўднае шчасце! Да нас завітвалі Сяржук Сокалаў-Воюш, Вінцук Вячорка, Алесь Суша, Максім Жбанкоў, Ігар Бабкоў, Сяргей Навумчык, усіх не пералічыць. Весела было! Плённы і творчы час, тады ўсё было на ўздыме, не тое, што цяпер», — кажа Кася.

«Беларускую мову мы любілі і шанавалі ўжо калі сустрэліся. Першыя вершы ў войску я стаў пісаць яшчэ.

Песні па-беларуску складаў ужо на першых курсах універа, а пацаны гаварылі: «Нахера табе гэта, ты нармальна спявай». А мне хацелася. Школа мову не прывівала, бацька толькі. Пасля тыя людзі ў пачатку 90-х пачалі самі размаўляць па-беларуску, ездзіць па Амерыках усякіх, а потым адышла гэтая хваля — і ўсё. А я працягваю рабіць тое, што хачу», — кажа Алесь.

Спробы наладзіць сямейны дуэт скончыліся нічым. Алесь і Кася гралі паасобку. Камоцкі свой першы альбом запісаў у 1986 годзе, ён зваўся «Першы сшытак», ён таксама граў на саксафоне ў гурце Zartipo. А Кася свой першы запіс зрабіла пазней — разам з гітарыстам Лявонам Шырыным, якога, дарэчы, параіў Алесь, яна запісала на радыё дэбютны альбом гурта «Новае неба» — «Дзеці чорнага горада» ў 1991. Абедзве працы лічацца класікай беларускай нацыянальнай песні.

«Разам з Камоцкім граць было немагчыма, не прымаў ён шмат чаго. Гэта ён цяпер спакойны, а тады цяжка было з ім. Калі спрабавалі нешта рабіць разам, казаў, што я фальшыва спяваю, карацей, не выйшла.

Я да Алесевых песень надзвычай добра стаўлюся. Яго першы магнітальбом 1986-га года пераслухоўваю і сёння.

Ён быў запісаны на бытавы магнітафон, запіс проста жахлівай якасці, але там гучаць выдатныя песні на Караткевіча, Жылку, Багдановіча. Хочацца, каб ён быў перазапісаны і перавыдадзены, бо шкада тых песень», — апавядае Кася.

Падобна да таго, што Алесь з цягам часу сваё меркаванне пра Касю як спявачку змяніў.

Сёння ён кажа так: «Мне падабаецца, калі наогул нехта нешта робіць, а тым больш так. Улюбёных песень у Касі не назаву, бо ў мяне ў прынцыпе няма ўлюбёных песень. Уся музыка для мяне — адна вялікая песня. Усё, што рабіла Кася, уключна з «Новым небам», выглядала някепска. Асабліва ўжывую».

У 1986 у Камоцкіх нарадзілася дачка, якую назвалі Касяй. Кася-старэйшая неяк згадвала ў адным з інтэрв’ю, што імя выбіралі вельмі доўга, з месяц, але так і не паразумеліся канчаткова з мужам. Тады ўжо сышліся на кампрамісным варыянце, бо трэба было тэрмінова вызначацца.

Шлюб Камоцкіх трываў да ліпеня 1991. Пасля было вырашана разысціся.

Кася згадвае: «Мы зразумелі, што розныя людзі. Канечне, не адразу гэта адбылося: падумалі, усталі ды пайшлі. Гэта быў доўгі працэс. Пасля давялося жыць пэўны час жыць у адной кватэры. Былі нервы спачатку, складана быць адразу ў прыязных адносінах. Але цяпер гэта падаецца дробяззю».

Алесь кажа, што зусім не шкадуе ні пра што, а на пытанне, ці быў ён шчаслівы ў гэтым шлюбе, адказвае: «Усялякае было, вялікі кавалак наогул класны быў. Галоўнае кроў адно аднаму не піць. Калі не складаецца, дык лепей не быць разам. Былі ў нас нейкія цёркі, трошкі раздражняла сітуацыя, злавала, але потым адносіны сталі нармальнымі, без крыўдаў. Можна іх назваць сяброўскімі. Калі трэба — я пабягу, буду дапамагаць ёй. Калі мне трэба будзе, думаю, яны прыбягуць».

«Яны» — гэта Кася і яе другі муж, режысёр-дакументаліст Віктар Корзун, з якім рок-князёўна пабралася шлюбам у 2000 годзе. Тады яна і адкрыла для сябе, што з Камоцкім яна… не разведзеная. Зрэшты, і прозвішча першага мужа Камоцкая (у дзявоцтве Чалей) так і не змяніла.

«Выявілася, што афіцыйна я працягвала лічыцца ў шлюбе з Алесем, бо не мела на руках пасведчання аб скасаванні шлюбу.

Яго ж трэба было атрымліваць асабіста. Алесь, можа, яго і атрымаў, а я не паклапацілася тады. А прозвішча захавала свядома. На гэта было дзве прычыны: па-першае, яно ўжо стала на той час пэўным брэндам. А па-другое, не хацелася пераафармляць усе паперы і дакументы на дзявочае прозвішча. Мяне гэта не мучыла. Не ведаю як Алеся».

Алесь аджартоўваецца на гэты конт: «Кася мне будзе вінная за такое прозвішча». Цяпер яны сапраўды сябруюць. Кася нават кажа, што Алесь больш сябруе не з ёй, а з яе мужам Віктарам, яны вельмі часта стэлефаноўваюцца. Абое Камоцкія ясна разумеюць, што яны людзі родныя. У іх агульнае мінулае, дачка, а цяпер яшчэ і ўнук Саўка.

22 сакавіка будзе гістарычная падзея. Алесь і Кася выступяць упершыню ў сумесным канцэрце.

Нешта падобнае яны ўжо хацелі зрабіць раней — думалі такім чынам адзначыць гадавіну вяселля, потым юбілей Камоцкага, але ніяк не выпадала. Дуэта не будзе, затое Кася выканае некалькі песень Алеся. Адну з іх яна прэзентуе на Tuzin.fm. Спеў завецца «Як сканаю — душа застанецца», музыка Камоцкага, словы Караткевіча. У выкананні Алеся ён увайшоў у альбом «Першы сшытак» (1986), а ў выкананні Касі прагучаў у фільме Віктара Корзуна, які так і завецца — «Як сканаю — душа застанецца» (2011). Аўдыёзапіс публікуецца ўпершыню.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?