У сувязі з праходжаннем цыклону ў мінулыя выхадныя дні характар надвор'я ў Беларусі рэзка змяніўся, паведамляе Рэспубліканскі гідраметэацэнтр.
Калі 14 сакавіка максімальная тэмпература паветра склала ад 10 да 15 градусаў цяпла, то 16-га — ад мінус 1 да плюс 6.
У ноч на 17 сакавіка тэмпература паветра паніжалася да 1—7 градусаў марозу (мінус 7 было ў Ашмянах).
Найбольшая колькасць ападкаў 15 і 16 сакавіка была зафіксавана ў Лынтупах і на метэастанцыі Нарач — па 17 мм (40 і 39% месячнай нормы адпаведна).
На значнай частцы тэрыторыі ўзмацняўся вецер парывамі да 15—20 м/с, у асобных раёнах хуткасць ветру дасягала 21—24 м/с (24 м/с днём 15 сакавіка ў Навагрудку).
У дзённыя гадзіны 15 сакавіка дзе-нідзе адзначаліся навальніцы.
У многіх раёнах утварылася снежнае покрыва вышынёй 1—5 см, месцамі па поўначы краіны — 6—13 см (13 см у Докшыцах).





