У дзвюх акругах выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў не адбудуцца, паколькі з кампаніі выбылі адзіныя зарэгістраваныя там кандыдаты.
Пра гэта паведаміў акратар Цэнтрвыбаркама Мікалай Лазавік.
Паводле слоў Лазавіка, гаворка ідзе пра выбары ў сельскія саветы. Адзін з кандыдатаў памёр, а другі выбыў з выбарчай кампаніі па сямейных абставінах.
«Паводле закона, калі выбывае адзіны кандыдат за 20 дзён, то яшчэ можна правесці вылучэнне кандыдата, а калі менш, чым за 20 дзён, закон такога вылучэння не прадугледжвае. Такім чынам, па гэтай акрузе падчас гэтай выбарчай кампаніі кандыдат не будзе абраны», — адзначыў сакратар ЦВК.
Пры гэтым ён дадаў: «Гэта не выключае правядзення паўторных выбараў. Тэрмін законам не абумоўлены».
Выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў адбудуцца 23 сакавіка. Датэрміновае галасаванне пачнецца 18 сакавіка.





