З чацвярга ў Беларусі пачне цяплець, паведаміў начальнік службы гідраметэаралагічных прагнозаў Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Дзмітрый Рабаў.

Паводле яго слоў, у аўторак умовы надвор'я на тэрыторыі краіны будуць вызначаць атмасферныя франты, якія перамяшчаюцца са Скандынаўскага паўвострава. На большай частцы тэрыторыі краіны пройдзе снег, мокры снег, месцамі чакаецца завіруха, днём па паўднёвым захадзе — мокры снег, які будзе пераходзіць у дождж, а таксама слабы галалёд. На асобных участках дарог сіноптыкі чакаюць галалёдзіцу. Ноччу ў многіх раёнах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с.

Тэмпература паветра ўначы складзе мінус 1—7 градусаў, днём — ад 0 да 6 цяпла, па паўднёвым захадзе ўначы ад 0 да +2 градусаў, днём — каля 8 градусаў вышэй за нуль.

«У сераду часам прагназуюцца ападкі ў выглядзе дажджу, па паўночным усходзе — з мокрым снегам, магчымы слабы галалёд, на дарогах галалёдзіца. Днём сіноптыкі абяцаюць узмацненне ветру з парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны складзе ад мінус 2 да 5 градусаў цяпла, па паўночным усходзе пры праясненнях будзе да 5 градусаў марозу.

Днём чакаецца ад 1 да 3 градусаў са знакам плюс па поўначы і да плюс 7-9 градусаў па поўдні краіны.

Дзмітрый Рабаў таксама адзначыў, што ў чацвер днём у шматкіламетровай тоўшчы атмасферы чакаецца змяненне накіраванасці паветраных патокаў — з паўночна-заходніх на паўднёва-заходнія. «На тэрыторыю Беларусі з паўднёвых шырот пачне паступаць больш цёплае паветра», - дадаў сіноптык. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 2 да плюс 5 градусаў, днём будзе плюс 2-8 градусаў, па паўднёвым захадзе Брэсцкай і Гродзенскай абласцей паветра прагрэецца да 9—12 градусаў.

«Без ападкаў у гэты дзень не абыдзецца, — адзначыў Дзмітрый Рабаў. Кароткачасовыя ападкі чакаюцца на большай частцы тэрыторыі краіны, днём - у асноўным у выглядзе дажджу. «Ноччу і раніцай асобныя ўчасткі дарог будуць слізкімі. Месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с», — сказаў Дзмітрый Рабаў.

Прадстаўнік гідраметэацэнтра дадаў, што ў пятніцу на тэрыторыі Беларусі яшчэ больш пацяплее, а снежнае покрыва практычна паўсюль растане.

Тэмпература паветра ўначы складзе ад 0 да плюс 5 градусаў, пры праясненнях па паўночным усходзе Віцебскай і Магілёўскай абласцей прагназуецца да мінус 2.

Удзень чакаецца плюс 9—15 градусаў, па поўдні Брэсцкай і Гомельскай абласцей слупкі тэрмометраў дасягнуць значэнняў 16—18 градусаў вышэй за нуль.

Ноччу ў асобных раёнах, днём па поўначы рэспублікі пройдуць кароткачасовыя ападкі з перавагай дажджу. Месцамі сіноптыкі абяцаюць узмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с.

Паводле слоў прадстаўніка гідраметэацэнтра, у суботу цёплае надвор'е захаваецца. Тэмпература паветра ўначы складзе ад 1 да 7 градусаў вышэй за нуль, днём чакаецца плюс 9—15 градусаў, па паўднёвым усходзе — да 16—18 градусаў са знакам плюс. У паўночна-заходніх раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы, днём дзе-нідзе магчымы навальніцы і парывісты вецер. Ноччу і раніцай месцамі згусціцца туман.

«У нядзелю чакаецца перамяшчэнне праз тэрыторыю Беларусі атмасфернага фронту, стане крыху халадней», - дадаў Дзмітрый Рабаў.

Тэмпература паветра ўначы складзе ад 0 да плюс 7 градусаў, па паўночным захадзе пры праясненнях — да мінус 2. Днём прагназуецца ад плюс 5 па поўначы да 15 цяпла па поўдні краіны.

Ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі пройдуць кароткачасовыя ападкі, у асноўным дождж. Ноччу і раніцай месцамі сіноптыкі абяцаюць туман.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?